Улады дазволілі правесці ў Мінску "Народны альбом" з Вольскім і Вайцюшкевічам
Мінгарвыканкам выдаў гастрольнае пасведчанне на "Народны альбом". Канцэрт адбудзецца ў клубе Prime Hall 24 лютага. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў арганізатар імпрэзы Уладзімір Шаблінскі, кіраўнік канцэртнага агенцтва "Шаблі".
"Дазвол на мерапрыемства атрыманы, дамова арэнды падпісаная яшчэ месяц таму. Агенцтва "Шаблі" і я асабіста ўдзячныя галоўнаму ўпраўленню па справах культуры і моладзі Мінгарвыканкама за разуменне сітуацыі ў развіцці беларускай культуры і кіраўніцтву гандлёвага цэнтра "Замак", якое валодае пляцоўкай Prime Hall".
Па словах Шаблінскага, альбом будзе ўзноўлены па магчымасці ў першапачатковым выглядзе і пры ўдзеле тых музыкаў, якія запісвалі і выконвалі яго 20 гадоў таму. А гэта Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў і іншыя.
"Народны альбом" — першы супольны праект беларускіх музыкаў, рэалізаваны ў 1997 годзе. Альбом, прысвечаны жыццю беларуска-польскага памежжа напярэдадні Другой Сусветнай вайны. Ён складаецца з 27 песень, некаторыя з якіх: "Маладое піва", "Край ты мой, край", парадыйныя "Дарагія маі масквічы", акапэльная "Надзенька", "Простыя словы" — сталі хітамі і пайшлі "ў народ".
Праз тое, што з сярэдзіны 2000-х N.R.M., Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў і іншыя беларускія музыкі некалькі разоў траплялі ў "чорныя спісы", "Народны альбом" не гралі ў Беларусі больш за 10 гадоў. 4 верасня 2016 года канцэрт, прысвечаны 20-годдзю альбома, адбыўся ў Беластоку.