Улады і апазіцыя ідуць у Палату прадстаўнікоў чатырма “адзінымі спісамі”

Як даведалася Еўрарадыё, “Белая Русь” і БРСМ выстаўляюць на выбары больш за 100 кандыдатаў, аб’яднаная апазіцыя знайшла 110 “штыкоў”, ліберал-дэмакраты Гайдукевіча сабралі 102 вартых дэпутацкага мандата, і яшчэ “Еўрапейская кааліцыя” абяцае 42 кандыдаты. Калі дэмакраты разыходзяцца, то “Белая Русь” і БРСМ яднаюцца Як стала вядома Еўрарадыё, свае спісы кандыдатаў на будучыя парламенцкія выбары складае не толькі аб’яднаная апазіцыя. Амаль гатовы “Еўрапейскі спіс” Статкевіча і “ліберальны” Гайдукевіча. Мікола Статкевіч і яго аднадумцы пакрыўдзіліся на аб’яднаных дэмакратаў, што тыя не ўключылі ў перадвыбарныя праграмы сваіх кандыдатаў пытанне еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Таму БХД, Партыя зялёных, БСДГ ды Народная Грамада пачалі складаць свой “Еўрапейскі спіс”.

Мікола Статкевіч: “Мы папярэджвалі пачынаючы з лета, што калі і надалей будзе ігнаравацца пытанне еўрапейскай інтэграцыі, то будзе фармавацца “Еўрапейскі спіс”. Мы пачалі гэтую працу, як і абяцалі, некалькі тыдняў таму ў рэгіёнах. Ужо сфармаваны гэтыя спісы па Магілёўскай, Гомельскай, а днямі пачалі ў Гродзенскай вобласці. Па Магілёўскай вылучылі 15, па Гомельскай – 12, па Гродзенскай – 14 чалавек”.

На гэтым, па звестках Еўрарадыё, атака “еўрапейцаў” на “дэмакратаў” не скончылася. Па словах Статкевіча, у Гродзенскай вобласці частка “аб’яднаных” кандыдатаў вырашыла займець “падвойнае грамадзянства”. Таму зараз кандыдаты “ад дэмакратаў” уключаюць у сваю праграму еўрапейскія лозунгі, а аднадумцы Статкевіча не выстаўляюць сваіх кандыдатаў на занятых акругах.

Мікола Статкевіч: “Калі кандыдат абавязуецца прапагандаваць еўрапейскую інтэграцыю Беларусі, браць удзел у кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, то ў яго акрузе мы не будзем выстаўляць іншых кандыдатаў з “Еўрапейскага спісу”. “Я думаю, “Еўрапейскі спіс” будзе выглядаць больш аўтарытэтна, чым так званы адзіны”.

Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч выстаўляе сваіх кандыдатаў амаль на кожную выбарчую акругу і не хоча мець з аб’яднанымі дэмакратамі нічога агульнага.

Сяргей Гайдукевіч: “Усе будуць штурхацца, з’явіцца спіс Лябедзькі, потым з’явіцца спіс людзей, якія Еўропу любяць больш за сваю радзіму, потым з’явяцца спісы, якія не любяць ні тых, ні іншых, але будуць крычаць, што ў гэтай акрузе яны пойдуць, бо тут у іх рэйтынг вышэй. Потым камуністы выступяць і скажуць, што нам партыя-радзіма-Калякін сказалі, што мы тут павінны быць. І ўсё гэта разваліцца. Гэта адназначна”.

Таму лібералы складаюць свой спіс з 102 кандыдатаў і нават глядзяць далей – на выбары прэзідэнцкія.

Сяргей Гайдукевіч: “Па рэспубліцы мы выставім 102 кандыдаты ў дэпутаты. Ужо 59 зацверджаныя з’ездам, астатнія будуць зацверджаныя вышэйшым саветам. З’езд зацвердзіў кандыдатуру Гайдукевіча кандыдатам у прэзідэнты”.

У планах лібералаў — скласці ў парламенце сваю дэпутацкую фракцыю.

Фаварыт будучай выбарчай кампаніі грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” фармальна ўдзельнічаць у выбарах не можа. Але сябры “Белай Русі”, сярод якіх шмат кіраўнікоў, дырэктараў заводаў і навучальных устаноў, могуць вылучыцца кандыдатамі ад працоўных калектываў. Па словах намесніка кіраўніка “Белай Русі” Віктара Гумінскага, падтрымліваць “сваіх” кандыдатаў будуць усімі магчымымі сродкамі.

Віктар Гумінскі: “Белая Русь” з’яўляецца грамадскім аб’яднаннем, таму яна не можа выстаўляць сваіх кандыдатаў як партыя. Таму кожны будзе ісці індывідуальна. І мы такіх будзем падтрымліваць як грамадскае аб’яднанне”.

Па яго словах, такіх “самавылучэнцаў — Белых Русаў” па краіне будзе не менш за 100 чалавек. Як даведалася Еўрарадыё, зараз “Белая Русь” вядзе стратэгічныя перамовы з БРСМ – дзеляць акругі і дамаўляюцца аб падтрымцы адзін аднаго.

Па словах Віктара Гумінскага, пакуль “Белыя Русы” адзіных спісаў спісаў не складалі.

Віктар Гумінскі: “Пакуль мы нічога не дзялілі, таму што не ведаем, якія будуць акругі. Пытанне будзе вырашацца пасля выхаду ўказу прэзідэнта. Тады і разбярэмся – як, што і чаго”.

Намеснік кіраўніка арганізацыі не выключае таго, што ў парламенце будзе свая дэпутацкая група.

Віктар Гумінскі: “Такая не фракцыя, а дэпутацкая група па рэгламенце мае права на жыццё. І я мяркую, што тыя дэпутаты, якія будуць абраныя ад “Белай Русі”, маглі б стварыць такую дэпутацкую групу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі