Улады ізноў зазіраюць у кішэню апазіцыі

Еўрарадыё даведалася, што лідэр АГП Анатоль Лябедзька мае заробак у 350 долараў і 3-пакаёвую кватэру ў Мінску. Былы намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч прызнаўся, што зарабляе перакладамі каля 800 тысяч рублёў у месяц. Каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч жыве на 610 тысяч рублёў пенсіі ў здыманай кватэры. А старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч абвінаваціў Лукашэнку ў тым, што ён скраў яго пенсію, назваў прэзідэнта невукам у юрыспрудэнцыі і адмовіўся казаць, колькі атрымлівае за свае лекцыі. У чацвер 10 ліпеня на нарадзе па актуальных пытаннях правядзення парламенцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці ў чарговы раз пацікавіцца ў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты -- дзе, як і колькі яны зарабляюць грошай. Еўрарадыё вырашыла апярэдзіць падаткавых інспектараў і цікаўных выбарцаў ды запыталася ў V.I.P.-персонаў дэмакратычнага руху, на якія грошы яны жывуць і адкуль іх прыбыткі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька расказаў Еўрарадыё, што да таго, як стаў “невыязным”, меў магчымасць зарабляць лекцыямі за мяжой. Зараз даводзіцца жыць толькі на заробак партыйнага функцыянера.

Анатоль Лябедзька:
“Заробак мой сярэднестатыстычны па краіне – 350 долараў. Гэта мой афіцыйны заробак у партыі. Сёе-тое можа папрабівацца, раней так было, праз лекцыі, якія я чытаў за мяжой. Ёсць у мяне 3-пакаёвая кватэра, аўтамабіль “Рэно”, ёсць гараж і ёсць кавалак зямлі без усялякіх пабудоў”.

Пэўны час таму, у адным са сваіх сюжэтаў, БТ паказала, што Лябедзька з’яўляецца частым госцем амерыканскай амабасады. А ходзіць ён туды, сцвярджалі “чэсныя” журналісты, па “нячэсныя” грошы.

Анатоль Лябедзька: “Няма ніводнага доказу, каб сказаць наконт мяне, што з гэтым чалавекам звязаны нейкі скандал. Што ў мяне, напрыклад, раптоўна сын з’явіўся 4-гадовы, ці з’явілася дача на Маямі, ці запісалі, як атрымоўваю поўчамадана грошай у амбасадзе. Але тады б са мной была іншая размова, і ў палітыцы я б не быў ужо”.

Не атрымаў, па яго словах, ніводнага долара ад амерыканцаў і яшчэ адзін герой таго фільма Алесь Міхалевіч. Кажа, зарабляе перакладамі і юрыдычнымі кансультацыямі і заробак складае каля 800 тысяч рублёў у месяц.

Алесь Міхалевіч: “За пераклады, юрыдычныя паслугі і г.д. афіцыйны мой заробак каля 800 тысяч беларускіх рублёў. Мая маёмасць складаецца з 3-х пакаёвай кватэры ў Мінску, якую я набыў больш за 10 гадоў таму і дома ў Мар’інай Горцы, які я набыў прыблізна ў той жа час. З амерыканскай амбасады я не атрымаў ніводнай капейкі, але калі б нават і атрымаў на нейкую важную і цікавую дзейнасць, я б гэтага не хаваў, бо не лічу гэта дрэнным”.

Трэці герой таго ж самага фільма кіраўнік Брэсцкай філіі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі абвінаваціў дзяржаўнае БТ у хлусні і таксама заявіў, што грошай ад амерыканцаў не атрымліваў. Зарабляць жа на жыццё, кажа, вымушаны ў Маскве, бо на працу ў Брэсце яго з 2004 года браць адмаўляюцца.

Зміцер Шыманскі: “Я аказваў разнастайныя кансультацыйныя паслугі фірмам, якія пазыцыянавалі сябе на рынку Беларусі ў галіне паблік-рэлейшн. А цяпер працую ў Маскве. Летась мой гадавы прыбытак, адпаведна дэкларацыі, якую я падаў у камітэт Дзяржкантролю па іх патрабаванні, склаў крыху больш за 7 мільёнаў рублёў. Ніякай маёмасцю я не валодаю. Ні ў Беларусі, ні за яе межамі”.

Каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч распавёў Еўрарадыё, што жыве на 610 тысяч рублёў пенсіі, маёмасці не мае і таму здымае аднапакаёвую кватэру.

Мікола Статкевіч: “Пенсія 610 тысяч рублёў, ні кватэры, ні дачы ў мяне няма, я жыву на найманай кватэры – аднапакаёвай “хрушчоўцы”. Езджу на машыне, якую мне купіў брат і якая афіцыйна належыць яму”.

Афіцыйны прыбытак лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслава Шушкевіча, па яго словах, складае 3200 рублёў у месяц. Менавіта такую пенсію, кажа былы старшыня Вярхоўнага савета Беларусі, прызначыў яму прэзідэнт.

Станіслаў Шушкевіч:
“У мяне крадзе мае грошы Лукашэнка асабіста, бо мая пенсія складае сёння 1 еўра ў месяц – 3200 рублёў. І гэта па яго асабістым ўказе”.

Каб выжыць, прафесар Шушкевіч чытае лекцыі па ўсім свеце – ад Польшчы і Украіны да ЗША і Японіі. Але колькі такім чынам зарабляе, адказаць адмовіўся.

Станіслаў Шушкевіч: “Гэта з’яўляецца эканамічнай таямніцай. Мне важна сплаціць падаткі ў той жа Японіі па яе законах і каб адсутнічала падвойнае падаткаабкладанне. Бо калі я назаву суму, у мяне будуць вылічваць нейкія грошы тут. Не атрымаецца! Па законе я не магу супраць сябе даваць паказанні. Не трэба гэтаму  чалавеку, які невук у справе юрыспрудэнцыі і які крадзе ў мяне пенсію, хлусіць, робячы такія заявы. Няхай лепш адкажа, колькі ён спажывае грошай з дзяржаўнай кішэні?”

Што тычыцца маёмасці, то, па словах палітыка, у яго ёсць аўтамабіль “Жыгулі”, кватэра ў Мінску і дача, якую ён уласнаручна пабудаў каля 20 гадоў таму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі