Улады Сербіі далі сыну Караджыча тры дні, каб ён пакінуў краіну

Сыну Радавана Караджыча Аляксандру далі тры дні на тое, каб ён пакінуў тэрыторыю Сербіі. Аб гэтым заявіў старшыня Нацыянальнага савета па супрацоўніцтве з Гаагскім трыбуналам Расім Ляіч, паведамляе сербскае інфармацыйнае агенцтва b92. Сёння раніцай з’явілася інфармацыя пра затрыманне Аляксандра Караджыча. Яго павінны былі дапытаць па справе бацькі, былога лідэра баснійскіх сербаў, аб’яўленага ў міжнародны вышук у сувязі з абвінавачаннямі ў этнічных чыстках падчас вайны ў Босніі і Герцагавіне.

Нагадаем, Радавану Караджычу, а таксама Ратку Младзічу інкрымінуюць масавыя забойствы мусульман. Аляксандра затрымліваюць у другі раз. У 2005 годзе яго арыштавалі вайскоўцы NATO і вывезлі на допыт.

Цяпер сербскія ўлады вырашылі выслаць яго за межы краіны. Па словах Ляіча, такое рашэнне прынятае з-за таго, што Аляксандр Караджыч не з’яўляецца грамадзянінам Сербіі, а ягоны пашпарт выдадзены з парушэннем закона.

Ляіч пацвердзіў, што Караджыч-малодшы выпушчаны з-пад варты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі