Уладзімір Каробка: Дыяпазон “фабрыканткі” Дакоты – 3,5 актавы

Беларуская “фабрыкантка” Дакота намінаваная на вылет з праекта трэці раз у апошнюю намінацыю. Нагадаем, што мінулым разам яна засталася ў “зорным” доме дзякуючы праву вета, якім скарысталася генеральны прадзюсар “Фабрыкі зорак” Ларыса Сінельшчыкава.

Маргарыта зноў напісала песню, пра якую Еўрарадыё пагаварыла з выкладчыкам вакалу Уладзімірам Каробкам, які паведаміў, што дыяпазон Дакоты 3,5 актавы:

Каробка: Яна рыхтуе добрую песню, якая можа прагучаць. Як выканаўца яна крыху раскрылася – у яе з’явілася якасць распавядальнасці. Гэта яшчэ, безумоўна, недастаткова, але у яе атрымліваецца твор вымалёўваць.

Спадар Каробка сказаў, што песня сярэднятэмпавая, блізкая Дакоце па стылі, бо гэта зноў яе твор. А больш пра кампазіцыю гаварыць не варта – тады яе будзе цікавей пачуць у эфіры.
Маці Дакоты Святлана і гэтым разам не вельмі баіцца намінацыі. Мяркуе, што яе дачка застанецца ў праекце. І хаця лічыць, што шанцы на перамогу у Маргарыты ёсць, яна наўрад ці пераможа.

Мама Дакоты: Шанец перамагчы ў яе ёсць. Але мне падаецца, што два гады запар беларусы наўрад ці атрымаюць магчымасць быць першымі.

Маці спявачкі пільна сочыць за тым, што адбываецца ў “зорным доме”. Пераслухоўвае сольныя творы дачкі, дуэты. З іх Святлане Герасімовіч больш за ўсё спадабаўся апошні – з Сурганавай.

Маці Дакоты: Сурганаву параўноўваюць з Ганнай Ахматавай. Таму праца над сумесным нумарам патрабуе працы розуму. І дзіцяці 17 гадоў свядома выдаць такі варыянт прачытання гэтай песні, я лічу, што гэта вельмі ўхвальна.

Тым больш, што добра папрацаваць над кампазіцыяй у Дакоты не атрымалася. Выступ быў амаль імправізацыйным.

Цётка Маргарыты, што бачыла яе перад выступам, сказала, што выгляд у яе быў разгубленым. Але Дакота сабралася і прадэманстравала свае вакальныя магчымасці.
Хаця паводле інфармацыі ў Інтэрнэце, менавіта гэта нумар стаў прычынай намінацыі. Сурганава пасварылася з Дакотай і сказала той, што яна не ўмее спяваць, чым давяла Маргарыту да слёз. Дуэт быў запісаны з трэцяга дубля, якім былая спявачка “Ночных снайперов” засталася незадаволеная.

Маці Дакоты бачыла песню толькі па тэлебачанні. Святлана Герасімовіч збіраецца ехаць на намінацыю у Маскву. Таксама паедуць туды і сябры і аднакласнікі Рыты, якія чакаюць яе дома. Аднак калі Дакота вернецца ў Мінск, яна з-за кантракту будзе вымушаная давучвацца экстэрнам.

Спявачка ў гэтым годзе заканчвае школу, але з-за праекта паступаць не будзе. Маці кажа, што шмат часу будзе адымаць гастролі і іншая праца з прадзюсарамі. А вось калі б Маргарыта Герасімовіч не патрапіла на “Фабрыку”, то паступала б на рэжысуру ці занялася б вывучэннем камп’ютарнай аранжыроўкі.

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ

Mariah Carey — 5 актаваў
Сара Брайтман — 3 актавы
Вітас — 3,5 актавы
Павароцці — 3 актавы
Yma Sumac — 4,5 актавы
Пенкін — 4 актавы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі