Уладзімір Здановіч: З-за 12-гадовага навучання павялічыцца пенсійны ўзрост

Школы толькі адаптаваліся да сістэмы 12-гадовага навучання. Міністэрства адукацыі бачыць яе адмену як сур’ёзны крок назад. Але Адміністрацыя прэзідэнта пачала настойваць на тым, што гэтая сістэма неэканамічная. Еўрарадыё датэлефанавалася да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Здановіча. Ён ведаў пра канфлікт меркаванняў міністэрства і Адміністрацыі. Але сказаў, што яго пазіцыя ў гэтым пытанні нейтральная, і ўзгадаў, што ніводнай рэформы адукацыі ў нас да канца не даводзілася.

Уладзімір Здановіч: “Я займаю тут нейтральную пазіцыю. Тут кожны бок мае абгрунтаванні, каб абараняць сваю пазіцыю. На ўтрыманне дванаццаці, а не адзінаццаці класаў трэба як мінімум павышэнне на 9% асігнаванняў. З улікам таго, што амаль уся моладзь цяпер жадае навучацца ў 12-ым класе. Па-другое, калі гэтыя людзі пойдуць у самастойнае жыццё на год пазней, то ўстае пытанне павялічваць на год тэрмін выхаду на пенсію”.

Спадар Уладзімір таксама бачыць прычыну нараканняў Адміністрацыі ў эканоміі. Бо калі б грошы былі, не спатрэбілася б паварочваць рэформу назад.

Уладзімір Здановіч: “І калі ў краіне ёсць грошы і магчымасці забяспечыць працоўнай сілай усе галіны прамысловасці і сацыяльнай сферы, то тады трэба давесці было б усё да канца. А то ў нас ніводная рэформа не была даведзеная да канца”.

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Юрый Гладкоў пацвердзіў Еўрарадыё, што 21 лютага іх міністэрства будзе мець перамовы з Адміністрацыяй прэзідэнта на гэты конт.

Юрый Гладкоў сцвярджае, што выдаткі на 12-ты год навучання ў дзяржавы невялікія. Па яго словах, 12-ты год складаецца з субот, якія зрабілі выходнымі.

Юрый Гладкоў: “Дванаццаты год навучання – гэта той год, які атрымаўся ў выніку выкрэслівання з “шасцідзёнак” адзінаццацігадовай школы ўсіх субот. Што тычыцца эканамічных лічбаў, то затраты на 12-ты год навучання складаюць каля 4% ад агульных выдаткаў на адукацыю. У нас ёсць упраўленне эканамічнага развіцця, яны нам даюць такую лічбу. Я лічу, што гэтыя выдаткі цалкам абгрунтаваныя і ўрэшце яны сябе апраўдаюць. Нам патрэбныя мабільныя, канкурэнтаздольныя людзі, а не людзі з рыдлёўкай”.

Дырэктар мінскай гімназіі №1 Наталля Бушная лічыць, што адукацыя – гэта тая сфера, у якую грошы трэба ўкладаць, бо яны вернуцца. Яна распавяла Еўрарадыё, што да сістэмы 12-гадовага навучання настаўнікі ўжо прызвычаіліся і ацанілі яе.

Наталля Бушная: “Калі мы пяройдзем назад – будзе зноў гэтае замяшанне сярод настаўнікаў. Мы вельмі добра адаптаваліся да дзесяцібальнай сістэмы, мы ўжо ў ёй як рыба ў вадзе, тое ж самае з профільным навучаннем і з 12-годкай”.

Дырэктар узгадвае сусветную практыку і лічыць, што да яе звярнуцца вельмі карысна.

Наталля Бушная:
“Сусветная практыка – не менш за 12 гадоў навучанне. На маю думку, трэба пераходзіць і на 12 гадоў навучання, і на пяцідзёнку. Тым больш, колькі прадметаў дадаецца. Вось мы, напрыклад, не вучылі генетыку ў курсе біялогіі, а цяпер гэта ж абавязкова. Інфарматыка, якая ўжо з 6-га класа, бо немагчыма без яе. І мы ж ва ўмовах дзвюхмоўя. Трэба вывучыць і рускую мову і літаратуру, і беларускую мову і літаратуру. І гэта таксама шмат гадзін”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі