Ultra-Music Awards: Дарогу – маладым!

У Мінску раздалі прэміі Ultra-Music Awards 2010. Атрымалі па заслугах усе, хто так ці інакш адзначыўся ў мінулым годзе, быў сімпатычным рэдакцыі Ultra-Music і наведвальнікам старонкі ultra-music.com.

Рэдактар ultra-music.com Вячаслаў Радзівонаў і вядучы цырымоніі Зміцер Шаўчук


Цырымонія ўручэння ўзнагарод уяўляла сабой канцэрт трох гуртоў-прызёраў, у перапынках паміж сэтамі якіх і ўручаліся прэміі. Сёлета Ultra-Music уручыў ўзнагароды толькі другі раз, аднак заснавальнік прэміі і каардынатар праекта Вячаслаў Радзівонаў ужо параўноўвае свята з Днём народзінаў.

Вячаслаў Радзівонаў: “Тое, што зараз адбываецца, стала для мяне амаль Днём нараджэння, таму што тут шмат знаёмых музыкаў, журналістаў, увогуле сяброў. Атрымліваецца такая цудоўная паці”.

Радзівонаў спадзяецца, што “цудоўная паці” аднойчы ператворыцца ў заўважную прэмію і падкрэслівае, што галоўная задача Ultra-Music – адкрыццё маладых імёнаў.

Вячаслаў Радзівонаў: “Хацелася б, вядома, зрабіць з гэтага заўважную прэмію – ужо зараз бачна, што месца нам не хапае ў Графіці, хочацца клуб большы, у першую чаргу. Хацелася б спонсараў, якія ўвогуле гатовыя дапамагаць беларускай музыцы, і, галоўнае, хацелася б, каб гурты з’яўляліся, таму што, у першую чаргу, мы адзначаем маладыя гурты. Сёння бачна па Sang Sattawood і Сlover Club, што галоўная задача наша – адзначыць новыя маладыя гурты, каб яны з’явіліся ў медыйнай прасторы. Хочацца большага фармату і больш музыкі”.

"Дэбют" года - гурт  Sang Sattawood

 

Тры маладыя гурты сёлета атрымалі ўзнагароды Ultra-Music Awards 2010. Па-першае, па выніках галасавання наведвальнікаў сайта ultra-music.com “Лепшым альбомам 2010 года” стаў дэбютнік “Get on the Right Road” ад гурта Green Pepper. Атрымаць узнагароду выйшаў прадстаўнік каманды Аляксандр Пасічэнка, спаслаўшыся на вятранку “зялёных перцаў”.

Аляксандр Пасічэнка: “Вялікі дзякуй, вельмі прыемна!” Так звычайна кажа Даніэль – лідар гурта Green Pepper і вакаліст. На жаль, хлопцы сёння ўсе разам захварэлі на вятранку, усе зялёныя сёння. Што тычыцца ўзнагароды - дзякуй вялікі! Я ўпэўнены, што гэтая ўзнагарода далёка не апошняя. Хлопцы перадавалі словы падзякі Ultra-Music і ўсім тым, хто галасаваў за альбом”.

Прадстаўнікі Green Pepper прыбылі ў Графіці з вялізнай торбай сваёй прома-прадукцыі: кожнаму прысутнаму былі ўручаны дыск і плакат каманды.

 

 

У адрозненні ад знаёмых з піярам “пэпераў”, дастаткова туга ідуць справы ў каманды Sang Sattawood, якую рэдакцыя Ultra-Music назвала дэбютам года. Тым не менш, у планах трыа – стандартныя альбом, відэа і канцэрты.

Sang Sattawood: “У нас плануецца альбом, запіс відэа, не абавязкова гэта будзе кліп, магчыма, гэта будзе хатні акустычны канцэрт, магчыма, будуць кліпы, будзем спрабаваць прасоўваць сябе на канцэртах, каб як мага болей народу нас пачула. А ўвогуле, туга вельмі ідзем, зусім туга”.

У адрозненні ад тых жа Green Pepper, Sang Sattawood скараць Лондан не збіраюцца, маўляў, Лондан ужо не той, і рабіць там няма чаго. Сваю канцэпцыю музыкі называюць “трупячай” і лічаць, што людзям патрэбныя танцы з-за жыццёвай самоты.

Sang Sattawood: “Ёсць публіка, ёсць попыт, гэта такі ж рынак. І ў рынка ёсць, зразумела, свае сігменты але наш – надта вузкі, таму што музыка практычна не танцавальная. А людзі вельмі хочуць танцаваць – ім усім сумна жыць”.


На дадзены момант Sang Sattawood супрацоўнічаюць з замежнымі электроннымі лэйбламі. Два рэміксы і арыгінальны твор “сатавудаў” маюць з’явіцца ў хуткім часе на вініле.

 

"Адкрыццё" года - Clover Club

Адкрыццём года паводле Ultra-Music стала каманда Сlover Club. Экспрэсіўны жаночы англамоўны рок папросту руліць! У Сlover Club усё супер: яны выйшлі ў фінал беларускага адбору да фестываля “Emergenza”, пабудавалі сваю студыю і гатовыя да паваротаў лёсу.

Сlover Club: “Невядома, як далей будуць развівацца падзеі ў Сlover Club. Пакуль яны развіваюцца вельмі не дрэнна. Таму, што тычыцца замежжа, шанец не выключаны. Ён можа з’явіцца з неадкуль. Дакладна тое, што чым больш мы працуем, тым больш маем знешніх рухаў. Нейкі наш крок – і крок па-за”.

Каб трымацца “на плаву”, на думку ўдзельнікаў Сlover Club, гурт павінен эксперыментаваць, шмат працаваць, не расслабляцца, не баяцца мяняцца і адкрываць новыя гарызонты. Вандраваць па свеце – такая мара ў Сlover Club.

Сlover Club: “Мы ўвогуле думалі пра тое, што галоўным дасягненнем будзе, калі атрымаецца, што ў межах нашай творчасці мы будзем вандраваць па розных гарадах, краінах і кантынентах. Самая галоўная мара – стаць больш свабодным чалавекам увогуле, і музыкай”.

 


Музыкаў Сlover Club, вядомых па іншых праектах, не вабіць перспектыва граць каверы на вядомыя песні. Яны таксама збіраюцца выдаць дэбютны альбом і гатовыя на карысць музыкі кінуць свае працы...

 


Павел Юрцэвіч(Осмас) атрымлівае ўзганароду за Праект года(Ы.Ы.Ы. Васька Жив!)

Хэдлайнерамі цырымоніі стаў гурт IQ48, які атрымаў прэмію за ўнёсак у развіццё беларускай музыкі. “Здаровыя лосі” сыгралі як хіты, так і песні з будучага альбома, рэліз якога запланаваны на бягучы год.

 

 

 

 

 

 

 

Нагадаем, праектам года паводле Ultra-Music стаў Трыб’ют “Ы.Ы.Ы. Васька Жив!” ад студыі “Осмас”, лепшай песняй года – “Грай” “Ляпісаў”, падзеяй года – прыезд у Мінск Rammstein, лепшым замежным альбомам – “Plastic Beach” ад Gorillaz, а лепшай замежнай песняй – “Wonderful Life” ад Hurts. Дарэчы, Вячаслаў Радзівонаў паабяцаў, што падчас красавіцкага канцэрта ў Кіеве, камандзе Hurts перададуць ўзнагароду ад Ultra-Music.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі