УНА-УНСО: “У тым, што адбылося ў Мінску, зацікаўлена перш за ўсё Масква”

Два месяцы таму беларускія спецслужбы абвінавацілі украінскіх нацыянал-патрыётаў з УНА-УНСО ў тым, што ў іх “лясных лагерах” праходзяць навучанне тэрарыстычнай дзейнасці беларускія радыкалы. А пасля выбуху на свяце ў Мінску прагучалі выказванні, што і там без іх удзелу не абыйшлося. Ці так гэта насамрэч, Еўрарадыё запыталася ў старшыні выканкаму грамадскай арганізацыі УНА-УНСО Міколы Ляховіча. Па яго словах, вось ужо амаль 12 гадоў як іх арганізацыя перапыніла любыя мілітарныя дзеянні і ні да якіх выбухаў ці іншых тэрарыстычных дзеянняў адносінаў не мае. Як на тэрыторыі Украіны, так і за яе межамі.

Мікола Ляховіч: “З 1996 года арганізацыя перапыніла свае мілітарныя дзеянні як па-за межамі Украіны, так і ў яе межах. Таму мы не маем адносінаў ні да якіх выбухаў”.

Старшыня выканкаму прыгадаў, што гэта ўжо не першая спроба абвінаваціць іх у арганізацыі тэрактаў на тэрыторыі іншых краін. Пэўны час таму УНА-УНСО ставілі ў віну выбухі ў Маскве.

Мікола Ляховіч: “Тады ФСБ давала афіцыйную інфармацыю, што ёсць падазранні нібыта да гэтага спрычыніліся сябры нашай арганізацыі. Але з часам, як мы ведаем з заяў былых супрацоўнікаў ФСБ, што гэта было арганізавана самім Крамлём для таго, каб Пуцін меў магчымасць ізноў прыйсці да ўлады. Я мяркую, што тут разыгрываецца тая ж самая карта”.

Па яго словах, для сябраў арганізацыі сапраўды перыядычна праводзяцца так званыя летнікі на прыродзе. Дзе, па словах старшыні выканкама УНА-УНСО, асноўная ўвага надаецца ідэалагічнай, а не тэрарыстычнай падрыхтоўцы.

Мікола Ляховіч: “Арганізацыя праводзіць час ад часу летнікі. Больш ідэалагічныя, але там ёсць элементы і спартыўніх спаборніцтваў. Толькі яны нічога не маюць з мілітарным, супрацьзаконнымі ці нечым тэрарыстычным. Мы рыхтуем патрыятычную моладзь, каб яна была гатовая ісці ў дзяржаўную армію абараняць украінскія межы”.

Прадстаўнік УНА-УНСО прызнаў, што іх арганізацыя стасункі з нацыянал-патрыятычнымі моладзевымі арганізацыямі Беларусі, магчыма, кажа, яны нават прыязджалі на іх летнікі. Але ніякай тэрарыстычнай падрыхтоўкі, па яго словах, яны там не праходзілі.

Мікола Ляховіч: “Наша арганізацыя даўно супрацоўнічае з моладзевымі нацыянал-патрыятычнымі арганізацыямі Беларусі. Я не хачу канкрэтызаваць і некага называць, каб не падстаўляць іх. Хаця мы прыязджаем на іх афіцыйныя сходы. Але наша супрацоўніцтва афіцыйнае і нічога ў ім няма тэрарыстычнага. Мы аказваем пэўную прававую дапамогу. Таму, калі яны і прымалі ў нашых сустрэчах удзел, то легальна і нічога падпольнага там не было. Тым больш, што калі ў вас пайшлі размовы пра нейкукю там падрыхтоўку, у нас у той перыяд ніякіх лагероў і сустрэч не праводзілася. І я падазраю, што тая заява пра падрыхтоўчыя лагеры была падрыхтоўкаю да выбуху. Шкада, што я тады гэта не прадбачыў у сваіх каментарах”.

Тое, што на змену грузінскім інструктарам, якія вучылі беларускіх радыкалаў засоўваць дохлых пацукоў у вадаправодныя трубы, прышлі ўкраінскія, якія вучаць з каробак з-пад таматнага соку рабіць бомбы, старшыня выканкама УНА-УНСО бачыць “руку Масквы”. Тады, кажа, Крэмль сварыўся з афіцыйным Тбілісі і прыцягнуў да сваркі афіцыйны Мінск, а зараз – шукаюць падтрымку, каб захаваць сваю ваенна-марскую базу ў Севастопалі. Як вядома, улады Украіны непахісныя ў сваім рашэнні да 2017 года ачысціць Крым ад прысутнасці расійскіх вайскоўцаў.

Мікола Ляховіч:
“У тым, што адбылося, зацікаўлена перш за ўсё Масква, якая выкарыстоўвае беларускія спецслужбы і аўтарытарызм прэзідэнта Беларусі для таго, каб звесці ілбамі Беларусь і Украіну, і такім чынам кантраляваць сітуацыю. Так, як гэта заўжды рабіла КДБ, ФСБ і зараз гэта робяць. ФСБ - вялікія спецыялісты ў такіх правакацыях”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі