Універсітэтам не далі грошай на кампенсацыі студэнтам

Міністэрства фінансаў яшчэ думае, ці выдзяляць дадатковыя сродкі . Але ВНУ ўжо вырашылі, што платнікам заплоцяць грошы, якія тыя ўнеслі за вучобу, а бюджэтнікам выдзеляць сродкі са стыпендыяльнага фонду. Праект Саўміна аб кампенсацыі матэрыяльнай дапамогі за праезд два тыдні таму разышоўся па ўсіх універсітэтах, але дзе ўзяць грошы на выплату ў лісце не сказана, таму ВНУ вырашылі аказваць падтрымку з пазабюджэтных сродкаў (гэта грошы студэнтаў-платнікаў) і стыпендыяльнага фонду. Кожны універсітэт самастойна вырашае, каму і колькі разоў аказаць такую дапамогу. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта Міхаіл Барэйша кажа Еўрарадыё, што студэнтам-платнікам падтрымка будзе аказвацца з тых грошай, якія яны плацяць за навучанне (пазабюджэтныя сродкі), а бюджэтнікам - са стыпендыяльнага фонду.

Міхаіл Барэйша: Студэнты падаюць заяву на імя дэкана факультэта, прыкладаюць усе адпаведныя даведкі, прыкладаюць праязныя дакументы. У нас будзе працаваць камісія, якая будзе разглядаць гэтыя заявы. Праходзіць разгляд камісіі, выкарыстоўваюцца цалкам фонды, якія выдзелены на гэтыя мэты. Усё. На гэтым аказанне матэрыяльнай падтрымкі спыняецца. Трапляюць туды рэальна і аб’ектыўна толькі тыя студэнты, якім насамрэч неабходна такая матэрыяльная дапамога.

Разлічваць на кампенсацыю могуць студэнты, у чыіх сем’ях бюджэт пражытковага мінімуму не перавышае 100% (200 тысяч 80 рублёў). Як дазналася Еўрарадыё, у самім праекце Саўміна закладзена 200% БПМ, аднак універсітэты сумняюцца, што змогуць самастойна пацягнуць такую суму. Зараз усе чакаюць канчатковай пастановы Саўміну і згоды Міністэрства фінансаў на дадатковую выплату грошай.

Міхаіл Барэйша: Зараз распрацоўваецца саўмінаўскі дакумент, які будзе тычыцца ўсіх гэтых пытанняў. Магчыма, у гэтым дакуменце мы ўбачым, што адпаведнае міністэрства будзе выдзяляць дадатковыя грошы на аказанне гэтай матэрыяльнай падтрымкі. Мы вельмі хочам на гэта спадзявацца. Праект ёсць, і ўсе міністэрствы за выключэннем Міністэрства фінансаў узгаднілі гэты праект.

Калі ў эканамічным універсітэце сумняюцца, што студэнты згодзяцца вытрымаць паперную валакіту, каб атрымаць кампенсацыю, то старшыня прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Танка Вадзім Грачоў запэўніў Еўрарадыё, што такіх ахвотных у іх шмат.

Вадзім Грачоў: Шмат такіх. Дык яны ж з вёскі прыязджаюць. Якія там заробкі ў гэтых вёсках, калгасах? Дзе тэхнічкамі працуюць, дзе нянечкамі ў дзіцячым садку, там жа невялікія заробкі. Там на чалавека менш за 200 тысяч будзе атрымлівацца лёгка нават.

Ахвотным прыйдзецца падаць даведку аб прыбытках членаў сям’і, даведку з месца жыхарства і арыгіналы праязных дакументаў. У педагагічным зараз студэнты падаюць заявы на кампенсацыю, і на пачатак сакавіка запланавана першае паседжанне камісіі, якая вырашыць, каму заплаціць грошы за праезд. Еўрарадыё даведалася, на што могуць разлічваць студэнты гэтай ВНУ.

Вадзім Грачоў: Кампенсуецца кошт праезду да месца жыхарства сям’і на міжгароднім транспарце 2 разы на месяц, затым можа кампенсавацца кошт праезду прыгарада. Не памятаю колькі разоў, але больш за 2. І кошт праязнога дакумента на адзін від пасажырскага гарадскога транспарту ў горадзе Мінску.

Самыя бедныя студэнты змогуць прэтэндаваць не толькі на кампенсацыю за праезд да бацькоў, але і на адрасную сацыяльную дапамогу, дзе прыбытак сям’і таксама не павінен быць большым за 100% БПМ. Як нам стала вядома, дадатковых грошай на адрасную падтрымку выдзяляцца не будзе, бо яна заўсёды існавала ва універсітэтах, але называлася па-іншаму – матэрыяльнай дапамогай.

У БНТУ з кампенсацыяй за праезд да бацькоў яшчэ не вызначыліся, але праязныя дакументы па Мінску ўжо набылі. Дэкан прыборабудаўнічага факультэта Алег Гусеў кажа Еўрарадыё, што студэнты БНТУ хутчэй за ўсё змогуць прэтэндаваць на кампенсацыю 1-2 разы ў семестр.

Алег Гусеў: Ну, я лічу, што для студэнтаў, якія адчуваюць у гэтым патрэбу, усталюем 1-2 разы ў семестр. Па горадзе пытанне ўжо вырашана: мы выдаем праязныя.

З 1,5 тысячы студэнтаў прыборабудаўнічага факультэта праязныя атрымалі толькі 30-40 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі