Упершыню на "Be2gether" з'явіцца беларускі павільён

На фэсце "Be2gether", які адбудзецца 25-27 чэрвеня каля літоўскага замка Нарвілішкес, упершыню з’явіцца павільён беларускай культуры. Экспазіцыя будзе актыўнай і рознабаковай: ад старажытных рамёстваў і гульняў да сучаснага мастацтва і дакументалістыкі. Арганізатарам павільёну выступіла грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі! "
У межах майстэрні архаічных рамёстваў, якая будзе працаваць з раніцы да ночы, наведвальнікі будуць плесці ўпрыгожванні з чароту, каласоў і льняных ніцей, вырабляць па старажытных тэхналогіях паперу і паганскія лялькі. Тым часам, можна будзе паглядзець дакументальнае відэа пра падарожжа літоўскіх музыкаў па Беларусі, кліпы беларускіх выканаўцаў і кароткія стужкі беларускіх рэжысёраў.

Таксама ў павільёне будуць штодзённа адбывацца выступы этна-гурта Dzivasil, тэатру "Кампанія" з імправізацыйнай пастаноўкай "Цень" і паказ відэаінсталяцыі вядомага фатографа Андрэя Лянкевіча "Беларускае паганства" ў музычным суправаджэнні вядомага мінскага дыджэя Laurel.

этна-гурт Dzivasil
Акрамя таго, гледачоў у павільёне чакаюць старажытныя народныя гульні, адмысловыя тату/бодзі-арт ад Алеся Таболіча і прыватныя сустрэчы з усімі беларускімі ўдзельнікамі музычнай праграмы фестывалю. Раздаць аўтографы і паразмаўляць пасля выступу завітае Лявон Вольскі, адмысловыя акустычныя сэты сыграюць Akute і Open Space, а ўдзельнікі гурта CherryVata прадставяць начны дыджэйскі сэт.


фота Андрэя Лянкевіча

"Гэты праект накіраваны на параўнанне старажытных і сучасных культур, а таксама адчуванне змен, якія адбываюцца. Мы жадаем прадставіць старажытнае мастацтва і працы маладых беларускіх мастакоў у адной прасторы, адначасова. Мы будзем імкнуцца пазбягаць розных тэатральных дзеянняў і інтэрпрэтацый. Нашай мэтай з’яўляецца досвед культуры, а не гульня з ёй", – распавяла каардынатар павільёна "Будзьма" Аляксандра Дынько.

імправізацыйная пастаноўка "Цень" ад тэатру "Кампанія"

На фестывальных сцэнах выступяць больш за 50 артыстаў з розных краін свету.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі