"Уралкалій" пакуль не будзе аднаўляць партнёрства з Беларуссю
Пра гэта выданню The Wall Street Journal заявіў гендырэктар кампаніі Дзмітрый Восіпаў.
Паводле яго слоў, якія перадае interfax.ru, ніякіх перамоваў з красавіка па гэтым пытанні з беларускім бокам не было. Цяпер такія перамовы таксама не вядуцца і новыя сустрэчы не плануюцца.
"Уралкалій" і "Беларуськалій" з 2005 года прадавалі калійныя ўгнаенні праз зарэгістраваную ў Мінску Беларускую калійную кампанію. У ліпені 2013 года "Уралкалій" заявіў пра разрыў з БКК і пра пераход да стратэгіі "аб'ёмы вышэй за кошты". Гэта, разам з іншымі фактарамі, пацягнула наніз сусветныя каціроўкі хлоркалію, аднак апошнім часам кошты сталі аднаўляцца.
Пасля разрыву пагаднення ў "Уралкалія" змяніліся акцыянеры. Сулейман Керымаў прадаў 21,75% акцый "Уралкалія" Міхаілу Прохараву. "Уралхім" Дзмітрыя Мазепіна паралельна набыў 19,99% акцый "Уралкалія". Пасля гэтага калійную кампанію ўзначаліў былы намеснік старшыні савета дырэктараў "Уралхіма" Дзмітрый Восіпаў.
Сёлета ў красавіку на сустрэчы з Мазепіным Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вызначыць шляхі далейшай супрацы двух калійных вытворцаў.
Фота — stock-talk.ru