Усе тыя, кім я стала

Што ёсць жанчына? Многааблічная сцерва ці ўніверсальная асоба? На гэтае пытанне дапамогуць адказаць працы Моторніны. У свой дзень нараджэння яна робіць вам падарунак – фотаваставу прац, прысвечаных прыродзе жаночага пераўвасаблення.
“Жанчына зусім не крывадушная, як гэта часам можа здавацца”, - распавядае Моторніна. “Яна ўніверсальная! Прырода жанчыны складаецца з імгненняў, яна зменлівая і не ўтрымоўвае паўтораў. Калі разглядаць жанчыну як суб’ект, то яна мульты-функцыянальны і абсалютна ўніверсальны элемент сусветнай экзістэнцыі. Я валодаю такой жа ўніверсальнасцю і мае працы – гэта больш, чым праекцыя маёй асабістай гнуткай сутнасці на тых жанчын, якіх я фатаграфавала. Таму што жанчыны па той бок аб’ектыву таксама праецыявалі саміх сябе на мяне.
Паглядзіце самі, наколькі разнастайная прырода жанчыны: адная і тая ж жанчына можа быць разбітной прыгажуняй, маленькай спалоханай дзяўчынкай, ведзьмай, дыктатарам, гнуткай травінкай, звышчалавекам, маці, лекаркай, русалкай, бандыткай, увасабленнем пяшчоты… хоць райскай птушачкай!
Жаночая сутнасць пластычная і гэтым выдатная, вось, што я з натхненнем услаўляю ў сваіх працах.”
Напярэдадні адкрыцця выставы мы сустрэліся з аўтарам фотаработ, Моторнінай, каб даведацца, як доўга яна шукала мадэляў для сваіх фотаздымкаў, як выбірала і знаходзіла свае вобразы, а таксама запыталіся ў яе, чаму ж яна не песціць сваіх прыхільнікаў  выставамі ў Мінску.
Моторніна: “Мае мадэлі – гэта ў асноўным мае сяброўкі, альбо яны становяцца маімі сяброўкамі пасля фотаздымкі. Вобраз я выбіраю спантанна. Нешта ў жыцці здарылася  новае ці ўзгадалася былое – адразу жа ж вымаляваўся калькападобны алоўкавы вобраз і тэрмінова запатрабаваў на каго-небудзь быць нанесеным густымі фарбамі. Адпаведна шукаецца падыходны бабец. Увогуле, у мяне 3 пастаянныя мадэлі: Анна Кукіна, Наталля Кірылава і Вікторыя Сяліцкая. Усе яны абсалютна розныя і цалкам аднолькавыя ў сваім харастве.
 
Стаць маёй мадэллю вельмі няпроста, хоць і жадаючых вельмі шмат. Мне патрэбна прыгожая душа, каб я іх палюбіла плюс  раскошныя вонкавыя дадзеныя.
 
Мужчынаў-мадэляў менш. Яны з поспехам здымаюцца ў маіх фота-фільмах. Але ўвогуле ў Беларусі ёсць адзіны мужчына, фоткаць якога мне дастаўляе неапісальнае задавальненне – гэта мастак і музыкант Васіль Пачыцкі. Калі б я была мужчынам, то хацела б быць менавіта ім.
 
Не раблю выставаў у Мінску, таму шта мне банална не хапае часу на арганiзацыю. Я выстаўляю свае фоткі у нэце ( www.motornina.net) – цешу сваё самалюбства!
Ідэя зрабіць выставу менавіта ў Дзень народзінаў з’явілася, як і ўсе ідэі выпадкова, за некалькі тыдняў. Знайсці залу сталася вельмі цяжка. І калі я ўжо зусім страціла надзею, раптам ўсё атрымалася! За дапамогу вялікі дзякуй Валерыю Аляксандровічу”.

Выстава адбудзецца ў Цэнтры Беларускай Драматургіі і Рэжысуры, вул. Крапоткіна, 44, 24-га кастрычніка з 11-ай па 19-ю гадзіну.
Моторніна будзе сустракаць гасцей і прымаць віншаванні з 22-ой гадзіны.
Нагадаем, што выстава будзе доўжыцца ўсяго толькі дзень!
Не прафілонце!!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі