Ва Ўкраіне фармуецца ўрад і адразу тры парламенцкія апазіцыі

У індывідуальным парадку ў кааліцыю ўступілі таксама дэпутаты Блока Юліі Цімашэнкі і "Нашай Украіны".

Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Ўладзімір Літвін: "У адпаведнасці з артыкулам 83 Канстытуцыі Украіны і артыкулам 61 Рэгламенту Вярхоўнай Рады аб'яўляю аб стварэнні і рэгістрацыі ў апараце Вярхоўнай Рады кааліцыі дэпутацкіх фракцый "Стабільнасць і рэформы" ў Вярхоўнай Радзе шостага склікання".

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Украіны, кіруючую кааліцыю могуць фарміраваць выключна партыйныя фракцыі ў складзе 226 дэпутатаў. Пасля інаўгурацыі прэзідэнта Віктара Януковіча фракцыя Партыі рэгіёнаў, разумеючы, што фракцыйную кааліцыю стварыць не ўдасца, ініцыявала ўнясенне зменаў у рэгламент дзейнасці парламента, каб такім, не зусім канстытуцыйным, спосабам стварыць новую большасць і на яго аснове - новы ўрад Украіны.

Уладны вакуум быў непрацяглы. Імгненна пасля абвяшчэння новай кааліцыі парламент ужо разглядаў кадравыя прызначэнні. Прэм'ер-міністрам стаў Мікалай Азараў - найбліжэйшы паплечнік Віктара Януковіча. З экс-кандыдатаў у прэзідэнты ўрадавы партфель атрымаў толькі Сяргей Цігіпка, які стаў віцэ-прэм'ерам. Па версіі прэзідэнцкай адміністрацыі, Арсеній Яцанюк адмовіўся працаваць ва ўрадзе і абвясціў пра пераход у апазіцыю. Але не ў адну кампанію з Юліяй Цімашэнка. У аб'яднаную апазіцыю на чале з экс-прэм'ерам рух Арсенія Яцанюка "Фронт пераменаў", як, дарэчы, і партыя Віктара Юшчанкі "Наша Ўкраіна" не ўвайшлі. Такім чынам, нават у парламенце намячаецца як мінімум тры апазіцыі.

Між тым, фракцыя БЮТ ўсё яшчэ не губляе надзеі ў судовым парадку даказаць як незаконнасць роспуску дэмакратычнай кааліцыі, так і неканстытуцыйнасць зменаў прынцыпаў фарміравання кааліцыі. Як сказала Юлія Цімашэнка, калі правасуддзе будзе правасудным, то сфармаваны ўрад на чале з Мікалаем Азаравым стане нелегітымным.

Юлія Цімашэнка: "Мы будзем заяўляць аб тым, што няма кааліцыі 30 дзён, 60 дзён няма ўрада, і трэба праводзіць датэрміновыя парламенцкія выбары, паколькі не можа нелегітымна працаваць ўлада, не могуць нелегітымна працаваць кааліцыя і парламент... Мы вырашылі, што цяпер з'яўляецца найбольш эфектыўным звярнуцца да судовай галіны ўлады і яшчэ раз праверыць, ці існуе ва Ўкраіне Канстытуцыйны Суд, ці існуе ва Ўкраіне адміністрацыйны суд, і зразумець, наогул, ці можам мы, як апазіцыя, мець такі інструмент барацьбы за дзяржаўныя інтарэсы, як суды. І пасля гэтага мы будзем надалей прымаць рашэнне".


Фота: Фокус

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі