Ва Украіне памерла яшчэ адна ахвяра аварыі з беларускім аўтобусам
Такім чынам, колькасць ахвяраў ДТЗ узрасла да дзевяці. У вельмі цяжкім стане ў рэанімацыі знаходзіцца яшчэ адна пасажырка ўкраінскага аўтобуса.
У Ковелі памерла 27-гадовая ўкраінка — пасажырка маршруткі “Эталон”, якая сутыкнулася з турыстычным аўтобусам, што вёз беларускіх дзетак у Балгарыю. Пра гэта паведамляе луцкі “Вісник+К”.
Нагадаем, здарэнне адбылося раніцай 11 ліпеня на Валыні. Там сутыкнуліся беларускі турыстычны і ўкраінскі маршрутны аўтобусы. Транспарт з 50 пасажырамі-беларусамі (сярод іх — 40 падлеткаў) ехаў на балгарскі курорт. У ДТЗ загінула адно дзіця з Беларусі — 12-гадовы хлопчык.
На наступны дзень усе беларускія турысты, каму гэта дазволілі ўрачы, вярнуліся ў Мінск. Траіх траўмаваных дзяцей перавезлі з Брэста ў сталіцу 16 ліпеня.