Ва Ўніверсітэце культуры вучаць граць на ўдарных без інструментаў

А выкладчык Аляксандр Сапега звярнуўся да кіраўніцтва кафедры, каб для студэнтаў нарэшце набылі барабаны. Удзельнік гурта Apple Tea і старэйшы выкладчык Універсітэта культуры Аляксандр Сапега чарговы раз звярнуўся да старшыні кафедры духавой музыкі з просьбай набыць музычныя інструменты для класа ўдарных. Як распавёў музыка, з-за недахопу інструментаў не атрымліваецца выконваць адукацыйную праграму.

Аляксандр Сапега: "Ёсць праграма навучання, дзе прапісаныя асноўныя інструменты, на якіх здаюцца іспыты. Гэта ксілафон, вібрафон, малы барабан, літаўры, талеркі, вялікі барабан і г.д. Дык вось з усіх гэтых інструментаў у нас ёсць на дзве кафедры, духавых інструментаў і эстрадных, толькі малы барабан і вібрафон. То бок мы не выконваем праграму".

Такая сітуацыя прымушае выкладаць прадметы на ўласных інструментах студэнтаў, але гэта часта прыводзіць да кур'ёзных сітуацый.

Аляксандр Сапега: "На індывідуальных занятках - толькі прыватныя інструменты. Вось, напрыклад, цяпер на працы вельмі смешная сітуацыя: студэнт забраў свае інструменты, бо ў яго сёння праца, і ўсё.. У мяне была першакурсніца, і мы гралі з ёй на томе (назва аднаго з барабанаў барабаннай устаноўкі - Еўрарадыё), які ён нам пакінуў".

Варта адзначыць, што падобны зварот, але праз галовы, адразу да рэктара інстытута, Аляксандр Сапега пісаў яшчэ на пачатку гэтага года, але з таго часу нічога не змянілася.

Аляксандр Сапега: "Рэктар спусціў прыказ разабрацца і разабраліся, што ў нас усё ёсць. І гэта нічога, што літаўры арандуюцца ў аркестра "Няміга", што ўсе астатнія інструменты, якія не вельмі спраўныя, стаяць у аркестры – у іншым корпусе. То бок, нібыта на паперы ўсё ёсць, але ў класе няма нічога".

Еўрарадыё працягне сачыць за развіццём падзеяў. Ці будуць маладыя беларускія бубначы вучыцца граць на інструментах даведаецеся ў бліжэйшыя дні

Фота: web.mit.edu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі