Ваенкамат – “Еўрарадыё”: У Калдуна адтэрміноўкі ад войска няма

Дзмітрыю Калдуну, прадстаўніку нашай краіны на “Еўрабачанні”, прыйшла позва з ваенкамату. У інтэрв'ю нашаму радыё артыст паведаміў, што вырашыў праблему па тэлефоне. Аднак у ваенкамаце сцвярджаюць, што Калдун ім не званіў і ўсё яшчэ абавязаны з'явіцца па позве.
Дзмітрый Калдун вучыўся на дзённым аддзяленні хімфака БДУ. Але пасля перамогі ў “Фабрыцы зорак”, перавёўся на завочнае. У выніку стаў ваеннаабавязаным.

Ён мусіў з’явіцца на медкамісію. Аднак, як сказаў спявак Еўрарадыё, Калдун паспрабаваў вырашыць праблему праз тэлефон:

Дзмітрый Калдун
: “Я пазваніў ужо ў ваенкамат і ўсё ім растлумачыў. Усе ставяцца да гэтага з разуменнем. Мне ім доўга прадстаўляцца не давялося, дзякуй богу. Таму, думаю, у бліжэйшы час яны мяне турбаваць не будуць. Нам сказалі, што яны ўсё разумеюць, звычайная сітуацыя.

Тым больш, я яшчэ студэнт. Я ім растлумачыў, што да 1 снежня з’яўляюся студэнтам Белдзяржуніверсітэта”.


Да гэтай сітуацыі Дзмітрый Калдун ставіцца спакойна:

“Справа ў тым, што я непрыгодны. Мяне бабуля не пускае, таму я непрыгодны”.

Мы патэлефанавалі ў ваенкамат Фрунзенскага раёна сталіцы. Маёр Шругін сказаў, што яны па-ранейшаму чакаюць Калдуна:

"Так, мы яго выклікаем у ваенны камісарыят. У яго ў гэтым годзе заканчваецца адтэрміноўка для працягу адукацыі. Сігналаў ад яго ніякіх не паступала. Згодна з заканадаўствам, ён падлягае выкліку на мерапрыемствы прызыву. То бок, у ваенны камісарыят ён абавязаны з’явіцца. Правам адтэрміноўкі ён не карыстаецца".

У ваенкамаце паведамілі, што ад службы ў арміі Калдуна можа вызваліць, напрыклад, Лукашэнка.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі