Валерый Карбалевіч: Нармальныя дэбаты так не праходзяць

Палітолаг Валерый Карбалевіч у інтэрв'ю БелаПАН пракаментаваў тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты, якія прайшлі 4 снежня ў жывым тэлеэфіры Першага канала Беларускага тэлебачання. Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначыў, што першапачаткова фармат тэледэбатаў павінен быў абмяркоўвацца самімі кандыдатамі. "Але атрымалася наадварот, што дзяржаўная ўлада ў асобе Белтэлерадыёкампаніі спрабавала навязаць кандыдатам свой сцэнарый. І падчас саміх тэледэбатаў ішла спрэчка пра іх фармат. Нармальныя дэбаты так не праходзяць", — адзначыў Карбалевіч.

Ён пагадзіўся, што кандыдатам у прэзідэнты атрымалася зламаць падрыхтаваны сцэнарый: "У вядучых была задача стварыць канкурэнцыю паміж кандыдатамі і нават сварку. Яны спрабавалі ўтапіць тэледэбаты ў нейкіх прыватнасцях. А кандыдаты спрабавалі перавесці дыскусію ў больш глабальную плоскасць — ці магчымыя ў Беларусі сумленныя выбары, ці ёсць права выбару ў народа".

Паводле слоў Карбалевіча, апазіцыйныя кандыдаты змаглі ператварыць тэледэбаты ў яшчэ адзін выпад супраць дзейнай улады і Лукашэнкі. "І яны правільна зрабілі, што абралі такую тактыку. Ім удалося навязаць свой сцэнарый. Найперш Някляеву, які пакінуў студыю, Саннікаву, Статкевічу, Кастусёву, які адмовіўся ад дыскусіі з іншымі кандыдатамі", — адзначыў палітолаг.

У той жа час, сказаў Карбалевіч, падчас тэледэбатаў у такім фармаце кандыдатам у прэзідэнты немагчыма было прыцягнуць на свой бок частку электарату. "Пры такіх тэледэбатах і за такі кароткі час гэта была невырашальная задача, якім бы таленавітым ні быў кандыдат у прэзідэнты", — адзначыў Карбалевіч. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі