Варшаўскія падводнікі паўдзельнічалі ў "Еўрапейскім маршы"

Еўрапейскі марш салідарнасці з нядзельнай акцыяй у Мінску прайшоў у Варшаве, Брусэлі, Празе і ў шэрагу іншых еўрапейскіх гарадоў. У варшаўскай акцыі, якую зладзіў "Звяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”, удзельнічалі каля 100 чалавек, у асноўным студэнты-каліноўцы, але былі і палякі:

“Варшава з вамі, мы верым што Беларусь будзе вольнай! Жыве Беларусь!”.
Трэба зазначыць, што апошняе было сказана палякам па-беларуску.

Прысутных на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве прывітаў еўрадэпутат Януш Анышкевіч, якога ўначы не ўпусцілі ў Беларусь:

"Мне хацелася б быць сёння не тут, а ў Мінску. Беларусь мусіць належаць да Еўропы і карыстацца ўсімі цывілізацыйнымі прывелеямі еўрапейскага свету”.

Удзельнікі маршу прайшлі па цэнтры Варшавы да Банковай плошчы, яны ішлі па ходніках, а па праезжай частцы калону суправаджала машына з сімволікай Еўрапейскага маршу і забароненай у Беларусі музыкай.

На Банковай плошчы прайшоў невялікі канцэрт, на якім гралі студэнты-каліноўцы, а прысутныя падпявалі. Моладзь выпусціла каля 50 шарыкаў з сімволікай ЕС і бел-чырвона-белымі стужкамі пад супольны спеў песні "Паветраны шар".

З шарыкамі, дарэчы, адбылася цэлая гісторыя. Арганізатарам давялося дамаўляцца з клубам падводнага плавання, пазычыць у іх балон з геліям, бо адмысловыя крамы ў нядзелю не працуюць.

Падводнікі балон пазычылі, а ідэя акцыі настолькі ім спадабалася, што напрыканцы яны прывезлі мех пончыкаў уласнага вырабу.

Янка Багушэвіч
, Еўрарадыё, Варшава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі