Варшаву на выходных ахапілі масавыя антыўрадавыя пратэсты

Варшаву на выходных ахапілі масавыя антыўрадавыя пратэсты

8 траўня ў польскай сталіцы прайшла масавая антыўрадавая дэманстрацыя. Па розных ацэнках, у ёй узялі ўдзел ад 200 да 250 тысяч чалавек.

Дэманстранты са сцягамі і транспарантамі сабраліся на плошчы каля будынка ўрада. Адтуль яны прайшлі цэнтральнымі вуліцамі Варшавы ў яе гістарычную частку да плошчы Юзэфа Пілсудскага.

Удзельнікі шэсця пратэставалі супраць палітыкі кіруючай кансерватыўнай партыі "Права і справядлівасць", супраць адступлення ўладаў краіны ад еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў. Такімі адступленнямі яны лічаць і спробу кантраляваць дзяржаўныя тэлеканалы, і рэформу Канстытуцыйнага суда. Галоўны лозунг акцыі гучаў так: "Мы ў Еўропе, тут і застанемся".

Пратэстны марш арганізаваў Камітэт абароны дэмакратыі, які выступае супраць кіруючай партыі Яраслава Качыньскага "Права і справядлівасць". Дэманстрацыю падтрымалі амаль усе польскія апазіцыйныя палітычныя аб'яднанні.

Па словах кіраўніка найбуйнейшай апазіцыйнай партыі Польшчы “Грамадзянская платформа” Гжэгажа Схетыны, якія перадае польскае выданне "Gazeta wyborcza”, тысячы людзей сабраліся для таго, каб абараніць канстытуцыю і адстаяць месца Польшчы ў Еўропе:

"Сёння мы тут разам для таго, каб сказаць: "Мы не дапусцім кашмару аўтарытарнай улады. Мы не дазволім разбурыць дэмакратыю, не дазволім парушаць права і канстытуцыю. Мы не згодныя зачыніцца за жалезнай заслонай і адвярнуцца ад Еўропы".

У сваю чаргу лідар кіруючай партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качыньскі раскрытыкаваў пратэсты ў цэнтры Варшавы. На думку палітыка, іх арганізавалі людзі, якію не могуць прыняць сваю паразу на апошніх парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах.

Словы Качыньскага прыводзіць партал wiadomosci.wp.pl.:

“Пратэсты паказваюць няздольнасць апазіцыі пагадзіцца з вынікамі выбараў. Я лічу, што значная частка людзей, якія ўдзельнічаюць у дэманстрацыях, нават не задумваюцца, да чаго заклікаюць арганізатары пратэстаў”.

Акрамя таго, 8 траўня ў Варшаве прайшлі яшчэ дзве масавыя дэманстрацыі. Гэта акцыя "Смялей, Польшча!", арганізаваная нацыяналістычнымі і каталіцкімі арганізацыямі, якія выступаюць супраць сяброўства Польшчы ў Еўрасаюзе. А таксама праеўрапейскі парад Шумана пад лозунгам "Еўропа — тут!". Ён прымеркаваны да святкавання Дня Еўропы, які традыцыйна адзначаецца 9 траўня.

Раман Усцінаў

Варшаву на выходных ахапілі масавыя антыўрадавыя пратэсты

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі