Васіль Быкаў: Я 28 гадоў працаваў заўхозам…

Карэспандэнт Еўрарадыё адшукаў цёзку славутага пісьменніка на ягонай радзіме ў Бычках Як вядома, народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёна. Пасля смерці класіка там быў створаны ягоны літаратурны музей, якім кіруе Антаніна Быкава – жонка роднага брата Васіля Мікалая. Аднак, наведаўшы Бычкі, я атрымаў эксклюзіўную магчымасць паразмаўляць з чалавекам, якога завуць Васьль Быкаў. Вось толькі імя па бацьку ў яго – Іванавіч, а не Уладзіміравіч, як у класіка. У астатнім мой суразмоўца – цёзка Вялікага Пісьменніка. Верагодна, што нават далёкі сваяк, бо ў Бычках большасць людзей мае прозвішча Быкаў.

Еўрарадыё: Вас завуць Васіль Быкаў, так?

Васіль Быкаў: Ён!..

Еўрарадыё:
І як вам жывецца з такім імем?

Васіль Быкаў:
Харашо! А чаму плоха?!

Еўрарадыё:
Часта вам гавораць, што вас клічуць гэтак жа, як народнага пісьменніка?

Васіль Быкаў:
Не, гэта мяне не клічуць -- чаго ж яны будуць мяне клікаць?..

Еўрарадыё:
Няўжо не казалі вам людзі, што вас гэтак жа сама завуць?

Васіль Быкаў:
Не, так ніхто не гаварыў… І быў я Васіль – і астануся Васілём!.. Ну, хай і Быкаў…

Еўрарадыё:
А чым вы займаецеся? Якая вашая работа?

Васіль Быкаў:
Мая работа – карову завяду, прыйду – і ўсё. Што болей нада?..

Еўрарадыё:
Ну як, тэлевізар глядзіце можа?..

Васіль Быкаў:
Ай, тэлевізар… Некада той тэлевізар глядзець. Не-ка-да!..

Еўрарадыё:
А працавалі кім раней?

Васіль Быкаў:
Кім я працаваў… Ай, усім! Усім я працаваў!..

(Бабулькі падказваюць):
Пасьледняе ўрэмя заўхоз, так і кажы!

Васіль Быкаў:
Ну пасьледняе – да. Дваццаць восем гадоў адбыў…

Еўрарадыё:
Скажыце, а кнігі Васіля Быкава вы чыталі?

Васіль Быкаў:
Чытаў, а чаму не?

Еўрарадыё:
І як вам?

Васіль Быкаў:
Харошыя ўсе кніжкі! Што там больш і гаварыць… Кніжкі атлічныя! Пісаў ён добра…

Еўрарадыё:
А самі вы ведалі асабіста вашага цёзку?

Васіль Быкаў:
Ведаў… Як прыязджаў ён, узнаў. А больш я не знаў нічога. Што я пра яго знаў? Ён жа ж пайшоў у армію, а тады з арміі прыйшоў, дзе ён быў – у Гродне ці дзе?..

Еўрарадыё:
А вы з якога года?

Васіль Быкаў:
З 1936-га. Ай, досыць, хопіць балтаць!..

Гэта быў Васіль Быкаў, цёзка і аднавясковец народнага пісьменніка Беларусі.


Фота аўтара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі