“Ветэран-карнік” уцёк з Расіі ў Беларусь?

Пра гэта выданню “Вечерняя Москва” распавяла старшыня савета ветэранаў Пушкінскага раёна Маскоўскай вобласці Людміла Кандрашова: "Яго хтосьці шукаў, але я думаю, што ён хутчэй за ўсё ўжо з'ехаў на радзіму. Яго ж судзілі ў Беларусі, у яго там хутчэй за ўсё сваякі і ён з'ехаў да іх”.

Як раней ужо паведамляла Еўрарадыё, нядаўна высветлілася, што пенсіянер, якога лічылі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, на самой справе ваяваў на баку немцаў. Расійская пракуратура зрабіла запыт у Беларусь і атрымала ад Генпракуратуры нашай краіны копіі матэрыялаў архіўнай справы.


У ліпені 1942-га Сяргей М., як афіцэр Чырвонай Арміі, трапіў у нямецкі палон. На допыце ён распавёў, дзе знаходзяцца іншыя афіцэры, якія трапілі ў акружэнне, а ў снежні паступіў на службу ва "ўсходні" вучэбны полк у Бабруйску.


У жніўні 1943-га — верасні 1944 года былы афіцэр Чырвонай Арміі знаходзіўся ў складзе карнага батальёна ў Францыі. Там ён трапіў у палон да амерыканцаў. Ужо ў снежні 1945 года ён быў у руках савецкіх спецслужбаў, яго асудзілі Вайсковым трыбуналам Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Нямеччыне за здраду Радзіме на 10 гадоў пазбаўлення волі, пазбавілі вайсковага звання "лейтэнант".


Аднак "ветэран" здолеў у 1980 годзе атрымаць патрэбныя дакументы і больш за 30 гадоў незаконна атрымліваў сацыяльнае забеспячэнне.

Фота — vetka.by


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі