Віцебскі камуніст перажыў сардэчны прыступ каля помніка Леніну
На плошчы Леніна ў Віцебску 7 лістапада адзначалі сотую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Святкаванне было падзеленае на тры этапы, пішуць "Народныя навіны Віцебска". А 10-й гадзіне кветкі ўскладалі афіцыйныя асобы. У 11.00 да правадыра сусветнага пралетарыяту прыйшлі прыхільнікі апазіцыйнай Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", а ўжо а 12-й настала чарга афіцыйнай Камуністычнай партыі Беларусі.
Зрэшты, былі на плошчы і іншыя прыхільнікі левых ідэяў, якія не клапаціліся пра бюракратычны рэгламент. Першай каля помніка Леніну з'явілася група з вянком "Ад віцебскіх бальшавікоў", якая раздавала мінакам газету бальшавікоў Беларусі "Вперёд".
Перад падыходам чыноўнікаў абл- і гарвыканкама, а таксама грамадскага руху "Белая Русь" да манумента гэтых бальшавікоў адціснулі ўбок, а іх вянок прыбралі. Таму яго давялося ўскласці другі раз.
За падзеямі на плошчы пільна сачылі супрацоўнікі міліцыі ў форме і без яе. Быў нават аператар, які здымаў акцыі. Аднак міліцыянты адварочваліся ўбок, калі пенсіянеры-камуністы даставалі бутэлькі з гарэлкай.
Адзначылася акцыя і яшчэ адным выпадкам. Пажылы мужчына паваліўся на калені каля помніка, бо яму стала дрэнна з сэрцам. Міліцыянты спярша не заўважылі, што здарылася, але потым супрацоўнік органаў у цывільным прынёс пенсіянеру валідол. Міліцыянты прапаноўвалі адвезці яго на патрульнай машыне ў лякарню, аднак мужчына вырашыў дачакацца хуткай дапамогі.
Дарэчы, прадстаўнік апазіцыйнага "Справядлівага свету" зачытаў каля помніка невялікі даклад аб ролі Кастрычніцкай рэвалюцыі, а малады чалавек у касцюме Леніна дэкламаваў вершы.