Віцяблянін заплаціў падлеткам, каб спаліць аўтамабіль прадпрымальніка (відэа)

Віцяблянін заплаціў падлеткам, каб спаліць аўтамабіль прадпрымальніка (відэа)

Віцебскія праваахоўнікі расследавалі пажар аўтамабіля, які адбыўся ўначы 10 траўня на праспекце Фрунзе. Агонь тады пашкодзіў салон легкавіка.

Як выявілі супрацоўнікі 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіК МУС, аўтамабіль быў падпалены двума 16-гадовымі падлеткамі з Віцебска. Больш за тое — падпал аўто рабіўся паводле замовы, якую падлеткам зрабіў айчым аднаго з іх. Гэта 39-гадовы раней судзімы віцяблянін. Ён заплаціў хлопцам па 100 еўра, паведамляюць "Народныя навіны Віцебска" са спасылкай на прэс-службу УУС Віцебскага аблвыканкама.

Адзін з падлеткаў вырашыў пахваліцца і размясціў відэа падпалу ў інтэрнэце. Правахоўнікі забралі гэты відэазапіс, а таксама ролік тым, як сябры выпрабоўвалі "кактэйлі Молатава".

30 траўня праваахоўнікі затрымалі замоўцу і абодвух падлеткаў, калі яны пераносілі пакет з сямю бутэлькамі "кактэйлю Молатава".

Міліцыя выявіла, што віцяблянін прапанаваў хлопцам падпаліць яшчэ і катэдж з дапамогай "кактэйлю Молатава". За гэта мужчына абяцаў падлеткам ўжо 1500 еўра.

Затрыманых змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання пры УУС Віцебскага аблвыканкама. Праваахоўнікі праводзяць следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па раней заведзенай крымінальнай справе. Зламыснікам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, за выкарыстанне "кактэйлю Молатава" Крымінальны кодэкс прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі