Віка Мароз не паедзе на Новы год у Італію

А іншыя беларускія дзеці ў Італію на калядныя вакацыя патрапяць. У дабрачынных фондах кіпіць праца – дакументы, спісы, квіткі… “Мы цяпер вельмі занятыя, мы рыхтуем групы. Выбачайце, але ўжо заўтра групы пачынаюць адпраўляцца, тут былі невялікія праблемы, мы вельмі занятыя”.

Групы дзяцей едуць у Італію, нягледзячы на тое, што пагадненне аб бясплатным аздараўленні дзяцей яшчэ канчаткова не ратыфікаванае. Яго пакуль не падпісаў прэзідэнт.

У дабрачынным фондзе “Свет для дзяцей” нам распавялі, што іх арганізацыя ўжо адправіла адну групу ў Італію. Усяго туды паедзе ад іх 800 чалавек.

“Свет для дзяцей”: “Так, дзеці паедуць, і ўжо нават 10 снежня адна група, 19 дзяцей, выехала. Там школы-інтэрнаты Брэсцкай вобласці, Дзівіна і Кобрына, здаецца. Яны паехалі ў горад Чызэну вобласці Раджыміліі”.

Дырэктар “Свету для дзяцей” ведае, колькі прыкладна дзяцей паедуць цяпер аздараўляцца. Яна кажа, што іх значна менш, чым раней.

“Свет для дзяцей”: “Наша аб’яднанне зімой адправіць тысячу дзяцей на аздараўленне, з іх 800 у Італію. А ў цэлым, я не ведаю, колькі ўсяго паедуць, але, канешне, значна менш, чым раней. У нас тысяча, у “Дрэва жыцця”, я ведаю, 1600 дзяцей, недзе 600 яшчэ ў адным фондзе, там 100 і яшчэ 100… Колькі гэта ўсяго – каля чатырох тысяч, а можа, і таго меней”.

Хоць пагадненне аб бясплатным аздараўленні дзяцей яшчэ не ратыфікавалі, дзеці ў Італію ляцяць. У фондзе “Свет для дзяцей” кажуць, што яны абапіраюцца на дамову, якую падпісалі яшчэ 10 траўня. У адпаведнасці з ёй дзеці выязджалі яшчэ ўлетку, без ратыфікацыі.

“Свет для дзяцей": “Усе арганізацыі даслалі нам гарантыйныя лісты, у якіх сем’і і кіраўнікі арганізацый прагарантавалі вяртанне нашых дзяцей своечасова. Але калі нашыя дзеткі выедуць туды, а асноўная частка едзе з 19 снежня, мы думаем, у Беларусі ўжо скончыцца ратыфікацыя. А пры вяртанні іх ужо дамова будзе ратыфікаваная дакладна, бо ўсе вяртаюцца ў студзені. Так што ў нас ніякага страху няма. Дый Італія не тая краіна, якую трэба баяцца”.

Былі чуткі, што сёлета выязджаць у Італію будуць толькі тыя дзеці, якія там ужо былі. Дырэктар фонду “Свет для дзяцей” паведаміла Еўрарадыё, што дамова расставіла ўсё па месцах: выязджаць могуць усе.

"Свет для дзяцей": “Цяпер выязджаюць дзеці ўсіх катэгорый: і тыя, хто ўжо дзесяць гадоў ездзяць, і тыя, хто ўпершыню. Спачатку было пытанне, яно вусна абмяркоўвалася, што, можа, не пасылаць дзяцей, якія едуць у першы раз. Але дамовай гэтае пытанне знята. Там напісана, што ўсе дзеці, нягледзячы на іх статус, калі яны маюць патрэбу ў аздараўленні (сіроты, жыхары Чарнобыльскай зоны, з малазабяспечаных сем’яў – тыя, хто мае патрэбу аздараўляцца, але сам не ў стане), маюць права выязджаць. Няма абмежаванняў катэгорый дзяцей”.

Еўрарадыё патэлефанавала сям’і Вікі Мароз, з-за якой распачаліся абмежаванні на выезд беларускіх дзяцей у Італію. Нагадаем, італьянскія бацькі Вікі не адпускалі яе ў Беларусь, сцвярджаючы, што дзяўчынка зазнае тут "фізічны і маральны гвалт".

Мы пагутарылі са зводным братам Вікі Раманам.

- Дзе Віка будзе сустракаць Новы год? Паедзе яна ў Італію ці не?
- Не, у Італію не паедзе, будзе сустракаць дома, у сям’і.
- А ці мае яна нейкія зносіны са сваімі італьянскімі бацькамі?
- Так, яны штодзень ператэлефаноўваюцца.
- Можа, яны ўжо даслалі падарункі ёй на Раство?
- Не, яшчэ не.
- А Віка нешта рыхтуе для іх?
- Так, яна збірае нейкія самаробныя сюрпрызы, робіць іх.
- А якія?
- Я, калі шчыра, не ведаю.
- А чаму яна не едзе ў Італію?
- Ну, яны ж збіраліся гэтым летам ехаць, іх не пусцілі… І цяпер яны нават не спадзяюцца паехаць.
- І нават не спрабавалі?
- Не.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі