Віктар Канцавенка папрасіў у Польшчы палітычнага прытулку
На дадзены момант ён знаходзіцца ў лагеры для бежанцаў Дэмбак.
Жыхар Рэчыцы Віктар Канцавенка, які на мінулых выбарах быў актывістам перадвыбарнага штаба кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, падаў дакументы на атрыманне палітычнага прытулку ў Польшчы.
Як паведаміў БелаПАН Канцавенка, на гэты момант ён знаходзіцца ў лагеры для бежанцаў Дэмбак. Атрымання статусу бежанца можна тут чакаць каля года. "Са мной ужо гутарылі, далі візу на паўгода. Ставяцца да мяне ў лагеры добра, большасць насельнікаў лагера — чачэнцы, ёсць і беларусы, але іх мала. Вяртацца пакуль не збіраюся, што гэта дасць, калі і мяне пасадзяць", — зазначыў актывіст.
Віктар Канцавенка выехаў з Беларусі неўзабаве пасля падзей 19 снежня. Паводле слоў Канцавенкі, за ім сачылі, і ён вырашыў пакінуць краіну. Актывіст выехаў у Расію, а адтуль ва Украіну, дзе папрасіў прытулку. Але не стаў чакаць рашэння, а паехаў у Польшчу. "Нягледзячы на тое што ў мяне былі праблемы з пашпартам, польскія ўлады лаяльна паставіліся да мяне і далі візу", — растлумачыў Канцавенка.