Вікторыю Колчыну выклікалі у КДБ па справе Бябеніна?
Журналістку тэлеканала «Белсат» Вікторыю Колчыну па тэлефоне выклікалі на допыт у КДБ. Ён адбудзецца 6 студзеня а 12 гадзіне.
У размове ёй патлумачылі, што хочуць «паразмаўляць наконт Змітра Бандарэнкі», — паведамляе сайт тэлеканалу.
Бандарэнка, давераная асоба Андрэя Саннікава, утрымліваецца ў ізалятары КДБ у Мінску. Яму выстаўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня.
Вікторыя Колчына цяпер здымае для "Белсату" фільм пра беларускіх журналістаў, якія загінулі ў выніку сваёй прафесійнай дзейнасці пры нявысветленых абставінах. У справе Алега Бябеніна яна некалькі разоў спрабавала звязацца с Бандарэнкам, які быў таксама сябрам Бябеніна.
Сёння стала вядома, што пракуратура Мінскай вобласці паўторна адмовілася распачынаць крымінальную справу па факце смерці Бябеніна. Памочніца пракурора Мінскай вобласці Тацяна Калініна паведаміла, што падчас дадатковай пракурорскай праверкі дакладна вызначыць матывы самагубства аказалася немагчыма.