Вінцук Вячорка: Патрэбны час, каб зразумець, што барознамі не выжывеш

Еўрарадыё: Ад пятніцы штовечара ў Мінску праводзяцца акцыі салідарнасці з палітвязнямі. У панядзелак сабралася 15 чалавек, у аўторак яшчэ менш…

111025 ViachorkaS.mp3

Вінцук Вячорка: Немагчыма ніякай інфармацыйнай кампаніяй ці тэхналогіямі змяніць масавую грамадскую свядомасць. Людзі масава адгукаюцца на заклік, на запрашэнне тады, калі грамадства даспела да пэўнага стану, калі вялікай колькасці людзей зразумела, што не выйшаўшы не палепшыш жыццё сваё і сваіх нашчадкаў, не створыш перспектывы ні сабе ні сваёй краіне. Калі ў 90-я гады былі масавыя акцыі, якія ладзіў тагачасны Беларускі Народны фронт, то безумоўна яны траплялі ў рэзананс з гатоўнасцю грамадства да такім чынам дамагацца і прыспешваць змены. Улада робіць высновы з таго, што адбывалася тады, і з таго, што адбываецца цяпер у іншых краінах, і спрабуе закатаць у цэмент страху любую здольнасць грамадства да самаабароны, не кажучы ўжо пра здольнасць барацьбы за будучыню.

Еўрарадыё: Асноўная прычына страйкаў у 90-х была ў адсутнасці працы, адсутнасці грошай, то бок не было чаго есці. Сёння беларусы таксама не пераядаюць, але актыўнасці не назіраецца. Чаму?

Вінцук Вячорка: Не зусім слушна меркаваць, што толькі ад абсалютнага голаду людзі выходзяць. Акурат досвед 90-х паказвае, што вельмі актыўным чыннікам былі працаўнікі не самых безнадзейных прадпрыемстваў, тыя ж салігорскія шахцёры былі тады моцным ферментам, МАЗ, трактарны завод, маторны. Гэта значыць, што адбываўся спад ранейшага жыццёвага ўзроўню, а не фізічны голад. Зрэшты беларусы заўжды давалі сабе рады, і не дапушчалі голаду ў асобна ўзятай сям’і. Калі трэба – з’язджалі на вёску, рабілі бульбяныя барозны ў лесе, гэта плюс для самавыжывання, але не спрыяе грамадскай актыўнасці. Цяпер грамадства знаходзіцца пакуль што ў такім стане самавыжывання, калі новаствораныя газоны на лецішчах перакопваюцца на бульбяныя барозны. Відавочна, патрэбны яшчэ  нейкі час, каб зразумець, што барознамі не выжывеш. І першыя званочкі, такія як страйк камунальнікаў у Барысаве, паказваюць, што цярпенне людзей ужо на мяжы.

Еўрарадыё: Мы чакалі гарачай восені, вынікаў народнага сходу, але людзі не выходзяць, не страйкуюць. Чаго чакаць цяпер?

Вінцук Вячорка: Я не зусім разумею, хто чакае. Я думаю, што аналітычна-журналісцкая супольнасць не пачула меркавання ініцыятараў. Народны сход — гэта не чарговая стандартная апазіцыйная акцыя, гэта далёкасяжная задума, гэта працэс. І сэнс яго акурат у тым, каб стварыць людзям, якія даспяваюць да разумення, што трэба яднацца, каб абараніць свае мясцовыя і агульнанацыянальныя інтарэсы, каб стварыць ім магчымасць змагацца за гэтыя інтарэсы. Даць ім пляцоўку, дзе спачатку яны змогуць выгаварыцца, а потым аб’яднацца. Народныя сходы дарэчы, зладжаныя у адпаведнасці не з законам пра масавыя акцыі, а з законам пра мясцовыя і рэспубліканскія сходы. І першая дата, 8 кастрычніка, гэта толькі старт, дадзены такой народнай кампаніі. Нялёгка прадбачыць, калі менавіта градус абурэння людзей бяздарнай і безнадзейнай найперш эканамічнай палітыкай перарасце ў гатоўнасць ісці на рызыку. Невядома, што можа быць іскрай  - страта працы вялікай колькасці людзей, можа быць аднамомантавае ці вельмі вялікае падвышэнне цэнаў, можа, праблемы з канкрэтным таварам, цыгарэтамі, напрыклад.

Еўрарадыё: Але апошні год быў складаным для беларусаў, чаму ж мы так і жывем спакойна?

Вінцук Вячорка: Грамадства змянілася радыкальна і незваротна. Цяпер грамадства ўтрымлівае толькі страх. Тыя лічбы, што падаваў прафесар Манаеў, цалкам праўдзівыя. Ёсць абсалютны абвал не тое што папулярнасці, а нават замірэння з уладай. А ўлада, якая трымаецца толькі далейшым закручваннем гаек, перспектываў не мае. Як ні круці, а мы ў Еўропе і мы еўрапейскі народ. Гэта самая важная змена, а тое, што яна пакуль што не абазначаецца шматтысячнымі вулічнымі пратэстамі — гэта толькі пытанне часу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі