Вольскі збіраецца наліваць, а N.R.M. прэзентаваць песню

Монстры беларускага року гурт N.R.M. выклалі на партале TUT.by новую песню пад назвай “Палітыка-паралітыка”. Канцэртная прэзентацыя кампазіцыі адбудзецца падчас электрычнага выступу гурта, які запланаваны на 10-га лютага ў сталічным “Рэактары”.
Частка канцэрту будзе прысвечана песням “Мроі”, адпаведна, музыкі з’явяцца перад фэнамі ў выглядзе “мрайчукоў”. Пасля антракту N.R.M. зайграе свой паўнавартасны сэт. Усяго ў канцэрце прагучыць каля 30-ці песень. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Лявон Вольскі:

Лявон Вольскі:
“У першай частцы канцэрту будзе 7 песень “Мроі”, і мы выйдзем у вобразах “мрайчукоў”: з клавішамі, з усімі атрыбутамі, з макіяжам я буду. Потым будзе перапынак невялікі 10 хвілін, а потым мы пачнем сэт “энэрэмаўскі”. У канцэрце ўсяго будзе каля 28-30-ці песень”.

Нагадаем, у бліжэйшы час лідэра N.R.M. можна будзе назіраць у страўні “Камяніца” ў якасці бармэна. Паводле Вольскага, музыку трэба быць бліжэй да народа. Падчас акцыі апроч піва ды іншых прысмакаў на бары можна будзе набыць апошнюю працу Лявона “Такога няма нідзе”, таксама паглядзець на вялікім экране навагоднюю казку “Аднойчы ў Барахляндыі” і пачуць песні маэстра пад гітару. “Паход Лявона Артуравіча ў народ” адбудзецца 7-га лютага. Вольскі не выключае працягу акцыі ў выніку яе паспяховасці:

Лявон Вольскі:
“Ну мы паглядзім на поспех ці няўдачу гэтай акцыі, і тады ўжо будзем планаваць далей. Калі будзе паспяхова, калі мне спадабаецца і народу таксама, тады будзем рабіць нейкія рэгулярныя акцыі, можа быць штомесяц, можа кожныя два тыдні”.

Нагадаем, трапіць на акцыю можна папярэдне дамовіўшыся па гарадскім тэлефоне 295-51-24.

Фота: livesound.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі