Пакупнікі пра распродаж свініны: Тое, што ў Расіі не прадалі, нам вязуць!

На мінскай Камароўцы другую суботу запар распрадавалі свініну па 34 і 63 тысячы рублёў за кілаграм. Адміністрацыя рынка называе сваю акцыю “таварнай інтэрвенцыяй па рэалізацыі свініны”. Сваю прадукцыю выставілі чатыры камбінаты. Разруб свіны другога гатунку каштуе 34 тысячы за кілаграм, а разруб першай катэгорыі — 63 тысячы рублёў.

Нягледзячы на такія “шалёныя” зніжкі, у 10 гадзінаў раніцы суботы каля прылаўкаў з акцыённым мясам сустракаем усяго з дзясятак чалавек. Пакупнікі бяруць свініну на 300-800 тысяч, купляюць цэлымі пакетамі, пакідаюць дзяцей сцерагчы і вяртаюцца зноў. Акцыённая свініна па 63 тысячы выглядае добра. Але засмучае тое, што яна замарожаная, таму бледна-ружовага колеру.

Пакупнікі збольшага перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Яны абмяркоўваюць таннае мяса, бо многія кавалкі з вельмі вялікімі часткамі сала і касцямі. Ці варта набываць такое?

"Вы вось глядзіце, тут сала мала. Калі возьмеце лапатку — будзе многа касцей. У некаторых кавалках глядзіце, якая вялікая костка! Але ж вы яе абрэжаце, размарозіце і будзе вам добрае свежанькае мяса! Бярыце філейку — там будзе мала касцей. Вунь кавалачак глядзіце — зверху будзе костка, але яе адразаеце і вось вам гатовы кавалак мяса", — пакупніца Алена Васільеўна шчодра дзеліцца рэкамендацыямі, ці варта браць свініну на “шалёным” распродажы.

Людміла Паўлаўна чакае дачку, заняла ёй чаргу. Яна выдае сваю версію, адкуль такая шчодрая акцыя ад холадакамбінатаў.

"Дык гэта ж тое, што ў Расіі не прадалі, нам вязуць! Але ж чаму так, наш жа дамовіўся з Пуціным, што мы будзем вазіць з Захаду прадукты — нейкую рыбу вось чырвоную ці яшчэ што, будзем у нас перапрацоўваць і прадаваць на Расію. Гэта ж па тэлевізары было, хіба вы не бачылі — там не скажуць няпраўды! Не чулі як казаў, быццам бы Казахстану вы ўсё прабачаеце, Назарбаеў патэлефанаваў усе праблемы вырашыў, а нас прыціскаюць з нашымі прадуктамі, быццам бы праблемы ў нас нейкія. А якія? Камісія збіралася і высветліла, што наша прадукцыя добрая!"

Некаторыя пакупнікі прыйшлі па мяса ўжо другі раз. Леанід Кірылавіч набыў кілаграмчык для суседкі, для сябе не купляў, бо закупіўся ў мінулую суботу.

"А чаго ж яно дрэннае? Толькі вось сала зашмат неяк. І на Новы год мы закупіліся ўжо, і на Каляды будзе мяса".

На суседнім прылаўку прыватнікі прадаюць ахалоджаную свініну па 85-90 тысяч рублёў за сцягно без косці, за шыю просяць каля 100 тысяч. Пытаемся ў прыватнікаў, ці варта набываць свініну ў іх канкурэнтаў?

"Дзетка, калі мяне замарозіць на 20 гадоў, як я буду выглядаць? Гэта свініна моцнай замарозкі! Вы яе размарозіце, колькі з яе нацячэ вады?", — з такімі аргументамі цяжка спрачацца. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі