Вярхоўны суд палічыў законнай нерэгістрацыю "Маладога фронту"

Вярхоўны суд 28 траўня адмовіўся задаволіць скаргу арганізацыі "Малады фронт" на адмову Міністэрства юстыцыі ў афіцыйнай рэгістрацыі.
Вярхоўны суд палічыў законным рашэнне міністэрства. Як нагадвае БелаПАН, Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі "Маладога фронту" шэсць разоў.

Апошні ўстаноўчы з'езд "Маладога фронту" адбыўся 30 студзеня 2010 года. Падставай для адмовы стаў юрыдычны адрас аб'яднання, які, як лічыць Мінюст, не адпавядае патрабаванням заканадаўства.

Таксама ў адказе Мінюста паведамлялася, што "па звестках, якія мае Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, 43 заснавальнікі МГА "Малады фронт" (больш за палову іх агульнай колькасці), у тым ліку амаль усе чальцы кіруючага органа гэтага грамадскага аб'яднання, прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, шмат хто з іх — неаднаразова, у тым ліку за правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку, правоў і свабодаў іншых асоб".

На думку чыноўнікаў, гэта не сведчыць пра намер заснавальнікаў "Маладога фронту" дзейнічаць у рамках заканадаўства Беларусі.

31 траўня ўстаноўчы з'езд "Маладога фронту" адбудзецца ў сёмы раз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі