Вярхоўны суд пазбавіў літаратараў фонду

У пятніцу 4 мая Вярхоўны суд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне “Беларускі літаратурны фонд”. Такое рашэнне прыняў суддзя ВС Валеры Самалюк. Ліквідацыя грамадскага аб’яднання ўскладзена на праўленне фонду. Кантраляваць гэты працэс будзе Міністэрства юстыцыі.
Акрамя таго, з арганізацыі спагнаныя 93 тысячы рублёў дзяржпошліны. Як заявіў Самалюк, гэтае рашэнне суда канчатковае і абскарджанню не падлягае.

“Беларускі літаратурны фонд” быў створаны ў 1934 годзе і падпарадкоўваўся Літфонду Савецкага Саюза. У 1991-м БЛФ прайшоў перарэгістрацыю. Фонд выплачваў стыпендыі маладым літаратарам, дапамагаў сваякам памерлых пісьменнікаў і гэтак далей.

Былы кіраўнік грамадскага аб’яднання Вячаслаў Корбут параўнаў гэтую арганізацыю з прафсаюзам літаратараў. Сродкі на гэтыя мэты да апошняга часу выдзяляліся з бюджэту Міжнароднага літаратурнага фонду.

Некалькі гадоў таму фінансаванне спынілася. Вячаслаў Корбут лічыць, што гэта стала пачаткам канца аб’яднання.

Вячаслаў Корбут: “Апошнім часам фонд перастаў быць працаздольнай арганізацыяй у юрыдычным і гаспадарчым плане. Арганізацыяй, якая не забяспечыла сябе фінансава, мела вялікія пазыкі. А па нашым заканадаўстве той, хто некалькі гадоў не развіваецца, не выплочвае заробкі і не плаціць падаткі, рана ці позна будзе ліквідаваны”.

У сённяшняга дырэктара фонду Алеся Данільчыка іншае меркаванне на гэты конт. Ён кажа, што яшчэ ў ліпені 2003 году ім прыйшоў ліст з Міністэрства юстыцыі з патрабаваннем унесці свае эмблемы ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр. У студзені 2006 года фонду было вынесена папярэджанне.

Алесь Данільчык: “Патрабаванне было выканана. Мы памянялі пячатку. А тымі геральдычнымі знакамі, што існавалі да гэтага, больш не карысталіся”.

Для супрацоўнікаў фонду паведамленне аб прызначэнні дня судовага паседжання і разгляду справы па ліквідацыі аб’яднання стала, па словах Алеся Данільчыка, вялікай нечаканасцю.

Алесь Данільчык: “Другога чысла ў 11.30 да нас у офіс зайшоў начальнік арганізацыйнага аддзела Вярхоўнага суда і сакратарка суддзі і прынеслі позву на суд. А суд мусіць адбыцца на наступны дзень у 14.30. Мы за гэтыя некалькі гадзін не здолелі пазнаёміцца з іскавай заявай Мінюста і тым больш азнаёміць з ёй адваката”.

Гэта, кажа Алесь Данільчык, і стала прычынай таго, што ніхто не абараняў інтарэсы фонду ў судзе і ніхто з супрацоўнікаў не прысутнічаў на паседжанні.

У Вярхоўным судзе карэспандэнту “Еўрапейскага радыё” не толькі адмовіліся даваць любыя каментары наконт рашэння пра ліквідацыю “Беларускага літаратурнага фонду”, але і называць нумар працоўнага тэлефона суддзі Валерыя Самалюка. Кіраўнік прэс-цэнтра ВС Анастасія Цымановіч адказвала коратка.

Анастасія Цымановіч
: “Рашэнне вынесена, і што яго каментаваць – яно і без каментару паўнавартаснае”.

Вячаслаў Корбут лічыць ліквідаванне фонду вялікай трагедыяй.

Вячаслаў Корбут: “Гэта вялікая трагедыя. Пісьменнікі дзесяцігоддзямі, калі не стагоддзямі, укладалі свае мазгі і сродкі ў развіццё беларускай літаратуры, а зараз яны заканадаўча не могуць атрымаць тых дывідэндаў, якія яны зарабілі”.

Алесь Данільчык спадзяецца, што пакуль фонд будуць ліквідоўваць, пісьменнікі здолеюць нейкім чынам яго перарэгістраваць і захаваць. А для гэтага неабходна знайсці фундатараў, якія захочуць фінансава падтрымаць беларускіх літаратараў.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі