Вярхоўны суд Расіі забараніў "Сведкаў Іеговы"
Вярхоўны суд Расіі задаволіў пазоў Мінюста і прызнаў працу арганізацыі "Кіраўнічы цэнтр сведкаў Іеговы ў Расіі" экстрэмісцкай. У сувязі з гэтым дзейнасць арганізацыі ў краіне забароненая, а яе маёмасць — канфіскаваная, перадае РБК.
"Сведкі Іеговы" яшчэ маюць шанец абскардзіць гэтае рашэнне ў апеляцыйнай інстанцыі. Яна мусіць быць разгледжаная на працягу месяца.
Мінюст падаў пазоў у суд пасля праверкі, праведзенай сёлета ў лютым. Яе вынікі засведчылі, што галаўная арганізацыя "Сведкаў Іеговы" ў Расіі вядзе сваю дзейнасць з парушэннямі статутных мэтаў і задач. Таксама праверка выявіла, што арганізацыя парушае заканадаўства Расіі ў галіне процідзеяння экстрэмізму.
Яшчэ да рашэння суда Мінюст Расіі ўнёс арганізацыю ў спіс грамадскіх і рэлігійных аб'яднанняў, дзейнасць якіх прыпыненая "ў сувязі з ажыццяўленнем iмi экстрэмісцкай дзейнасці".
У Беларусі дзейнасць гэтага рэлігійнага аб'яднання не забароненая. Еўрарадыё нядаўна распавядала пра чальца "Сведак Іеговы" Вячаслава Шупляка, які праходзіць альтэрнатыўную службу.