Вярхоўны суд вырашыў, што амерыканец Зэльцэр застанецца ў беларускай турме

Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без змяненняў прыгавор грамадзяніну ЗША Эмануілу Зельцэру. Касацыйная скарга, разгледжаная 31 кастрычніка, не задаволена. Нагадаем, амерыканскі юрыст Эмануіл Зельцэр і яго сакратар Уладлена Функ былі затрыманы 12 сакавіка гэтага года ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". 11 жніўня за выкарыстанне заведама падманных дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Зельцэр быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ - да аднаго. Абое настойваюць на сваёй невінаватасці.

Першапачаткова паседжанне Вярхоўнага суда па разглядзе касацыйнай скаргі Зельцэра было намечана на 26 верасня, аднак яго перанеслі, паколькі суду спатрэбіліся "дадатковыя дакументы". Як паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Гарачка, па дадатковыя дакументы да яго ніхто не звяртаўся.

Улады ЗША дабіваюцца вызвалення Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі здароўе юрыста прыкметна пагоршылася ў зняволенні без прапісаных лечачым урачом прэпаратаў. У жніўні пасольства ЗША прадаставіла беларускім уладам усе неабходныя лекі, аднак яны не былі перададзены Эмануілу Зельцэру. Між тым належны медыцынскі догляд за Зельцэрам названы адной з ключавых умоў нармалізацыі амерыкана-беларускіх адносінаў.

На гэтым тыдні адвакацкая фірма Patton Boggs, кліентам якой з'яўляецца Зельцэр, звярнулася ў Міжнародны валютны фонд з заклікам не выдаваць Беларусі рэзервовы крэдыт, які запытвае беларускі Нацбанк, датуль, пакуль амерыканскі юрыст знаходзіцца ў турме. Аналагічны зварот накіравала ў МВФ праваабарончая арганізацыя "Фрыдам Хаус".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі