Вясковец падпаліў аўтамабіль сваёй жонкі

37-гадовы жыхар Драгічынскага раёна Брэстчыны падпаліў машыну жонкі. Вяскоўцы не жылі разам ужо паўгода, але афіцыйна яшчэ не былі разведзеныя.

6 красавіка мужчына сустрэўся з жонкай ў яе доме, дзе яны пасварыліся. Раззлаваны муж спачатку сышоў з дому, але неўзабаве вярнуўся з цвёрдым намерам падпаліць аўтамабіль жанчыны. Для падпалу ён выкарыстаў так званы "кактэйль Молатава", які зрабіў на месцы з падручных сродкаў.

Пра гэта Еўрарадыё распавяла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова:

Дранькова: "Паміж імі ўзнік канфлікт на бытавой глебе. Пасля сваркі мужчына зноў вярнуўся ў прыватнае домаўладанне жонкі, дзе ў двары ўзяў бутэльку з бензінам. Пры дапамозе рыззя ён зрабіў кнот. Пасля мужчына падпаліў яго і кінуў бутэльку ў жончыну машыну, якая знаходзілася за плотам дома".

Відавочцамі здарэння сталі суседзі жанчыны, якія і паведамілі ёй пра пажар. Агонь паспеў пашкодзіць салон аўтамабіля "Audi-80". Шкода ацэньваецца ў 15 мільёнаў рублёў.

Мужа-падпальшчыка на наступны дзень затрымалі праваахоўнікі. Цяпер ён — у ізалятары часовага ўтрымання. На вяскоўца пачалі крымінальную справу. За наўмыснае пашкоджанне маёмасці яму пагражае да 2 гадоў абмежавання волі.

Фота — pixabay.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі