Вынікі даследавання вакцыны "КовіВак" паказалі яе нізкую эфектыўнасць
Вакцына "КовіВак" / РБК
Распрацоўшчыкі расійскай акцыны "КовіВак" апублікавалі вынікі I/II фазы даследаванняў на людзях. Спецыялісты адзначаюць вельмі нізкую эфектыўнасць вакцыны, піша BBC.
Даследаванні па бяспецы і імунагеннасці праводзіліся сярод добраахвотнікаў ад 18 да 60 гадоў. Эксперты звяртаюць увагу, што прыкладна ў кожнага восьмага ўдзельніка эксперыменту так і не выпрацаваліся антыцелы.
"Нейтралізацыя дрэнная. Тытры [антыцел] нізкія", — пракаментавала вынікі даследавання імунагеннасці "КовіВака" кандыдат навук Таццяна Дуднакова са Школы біялагічных навук Эдынбургскага ўніверсітэта. Нейтралізацыяй навукоўцы называюць пазбаўленне віруса здольнасці пранікаць у клеткі.
"КовіВак" зарэгістраваны ў Расіі 20 лютага 2021 года. Пік папулярнасці вакцыны прыпаў на лета 2021-га, тады яна масава выйшла ў абарот і адразу стала дэфіцытнай з-за асаблівасцяў сваёй вытворчасці.
Беларускае Мінздароўя дало дазвол на ўвоз і прымяненне ў краіне "КавіВака" 16 снежня 2021 года. Тады ў пункты вакцынацыі было адпраўлена больш за 300 тысяч доз. Адзначалася, што "гэтая вакцына інактываваная, цэльнавірыённая, канцэнтраваная, вычышчаная, прызначаная для папярэджання і ліквідацыі наступстваў эпідэмічных захворванняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.