Выпітая на вуліцы бутэлька піва будзе каштаваць 280 тысяч рублёў

Неўзабаве дэпутаты могуць унесці змены ў Адміністрацыйны кодэкс. Еўрарадыё паглядзела, якія змены нас чакаюць Калі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў унясуць прапанаваныя Адміністрацыяй прэзідэнта папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс, то піць піва на вуліцах будзе нельга. Інакш аматараў пеннага напою чакае штраф. Пра гэта Еўрарадыё расказаў адзін з супрацоўнікаў Цэнтра заканатворчасці. Менавіта там усе законапраекты перш, чым патрапіць да дэпутатаў, праходзяць юрыдычную экспертызу.

Супрацоўнік Цэнтра заканатворчасці: “Распіцце алкагольных, слабаалкагольных напояў альбо піва на вуліцах, стадыёнах, скверах, грамадскім транспарце забараняецца. Піць на вуліцы можна будзе толькі там, дзе спецыяльна абсталяваныя месцы, кафэ і гэтак далей. А проста так на вуліцы з бутэлькай піва каля фантана нельга сядзець — аштрафуюць. Штраф у памеры да 8 базавых велічынь”.

А гэта 280 тысяч рублёў. Адначасова дэпутатам прапанавалі павялічыць адказнасць за продаж алкагольных напояў непаўналетнім. Калі раней за такое парушэнне правілаў гандлю пагражаў штраф ад 70 да 350 тысяч рублёў, то цяпер будуць караць значна большымі сумамі.

Супрацоўнік Цэнтра заканатворчасці: “Калі парушэнне правілаў гандлю выразіцца ў продажы алкагольных напояў альбо піва непаўналетнім, то штраф ад 10 да 20 базавых велічынь. Змагаемся за здаровы лад жыцця”.

Змаганне, як няцяжка падлічыць, будзе каштаваць парушальнікам ад 350 да 700 тысяч рублёў штрафу.

Павялічацца штрафы і за безбілетны праезд у грамадскім транспарце. Калі зараз ён складае 7 тысяч рублёў, то дэпутаты плануюць павялічыць яго да 35 тысяч.

З ініцыятывай павелічэння памераў штрафу за безбілетны праезд да дэпутатаў звярнуліся транспартнікі. Начальнік аддзела кантролю гарадскіх перавозак і вывучэння пасажырапатокаў прадпрыемства “Сталічны транспарт і сувязь” Вячаслаў Барушка адзначае, што праблема безбілетнікаў для іх вельмі балючая. І б’е па кішэні транспартнікаў. Значнае павелічэнне штрафу, кажа ён, павінна прымусіць людзей прабіваць талончык і перастаць карыстацца транспартам “на халяву”.

Вячаслаў Барушка:
“Калі вы ведаеце, што вы заплаціце не 7 тысяч, а 35 тысяч — вы будзеце прабіваць талончык”.

Але не толькі для безбілетнікаў і аматараў выпіць дэпутаты рыхтуюць непрыемны сюрпрыз. Як стала вядома Еўрарадыё, у гэтым жа законе прапануецца ўнесці змены і ў Крымінальны кодэкс. Дакладней, у тую яго частку, якая тычыцца бяспекі кіравання транспартнымі сродкамі.

Як менавіта зменяцца штрафы для кіроўцаў, Еўрарадыё пацікавілася ў начальніка рэспубліканскай дзяржаўтаінспекцыі Юрыя Літвіна.

Юрый Літвін: “Я вам не магу гэта пракаментаваць. Мы асабіста толькі давалі свае прапановы па зменах 317 артыкула. Гэта — за паўторнае цягам года кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане”.

Еўрарадыё вывучыла прапанаваныя праектам змены. Як высветлілася, паводле дзейнага заканадаўства, за паўторнае кіраванне машынай у нецвярозым стане прадугледжваецца не толькі штраф, але і крымінальная адказнасць. Праўда, гэта не абавязкова можа быць турма — пакараць могуць умоўна. І чалавек мае магчымасць ізноў сесці за руль нецвярозым. За трэці раз — ізноў чамусьці адміністрацыйная адказнасць. Праект зменаў прадугледжвае ў такім выпадку не абмяжоўвацца штрафам, а адпраўляць парушальніка за краты.

Відаць, ДАІ сапраўды лічыць гэта неабходным — нягледзячы на тое, што сёння з прапановы Генпракуратуры штраф за гэтае правапарушэнне павялічылі да 1000 базавых велічынь, то бок, да 35 мільёнаў рублёў.

Калі дакладна дэпутаты будуць разглядаць праект прапанаваных зменаў, не вядома. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўнік прэс-службы Палаты прадстаўнікоў Вікторыя Цімафеева.

Вікторыя Цімафеева: “У пераліку пытанняў на сёння, напрыклад, гэтага заканапраекта няма. А калі дакладна яго занясуць, на які канкрэтна дзень, я паведаміць вам пакуль не магу”.

Дзеля цікаўнасці Еўрарадыё параўнала магчымы штраф у 35 тысячаў рублёў са штрафамі за безбілетны праезд ў суседніх краінах. Калі беларускія 35 тысяч сёння прыблізна роўныя 13 доларам, то ў Расіі штраф за безбілетны праезд складае 100 рублёў — прыблізна 3 долары. У Літве штраф ад 27 да 45 долараў. Кантралёры ва Ўкраіне бяруць з “зайцаў” 5 долараў штрафу. А безбілетны праезд у гарадскім транспарце Польшчы “каштуе” прыблізна 100 долараў.

Вось толькі нават такія “ўмовы жыцця” не дапамаглі знішчыць гэтага неўміручага жыхара грамадскага транспарта — “зайца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі