Выступ Аляксандра Мілінкевіча на "Еўрапейскім маршы"

Сёння лідэр Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч выступіў перад удзельнікамі "Еўрапейскага маршу". Прыводзім у скароце тэкст выступу, распаўсюджаны яго прэс-службай: "Грамадзяне Беларусі! Сёння мы прайшлі маршам. Сёння мы перамаглі страх.
Страх – ён як іртуць. Ён разліты па нашай краіне. Ён атруціў нашы душы.
Але мала перамагчы страх адзін раз.

Нам трэба раз за разам выходзіць на цэнтральныя праспекты і дэманстраваць сваю любоў да Айчыны, волю да Свабоды, свой выбар еўрапейскага шляху развіцця.

Маніфестацыі — самы эфектыўны спосаб барацьбы за свабоду. Седзячы ў хаце — нічога не даб’емся. Трэба выходзіць! Столькі, колькі спатрэбіцца, каб вызваліць саміх сябе і наш народ.

Няма іншай рады. Свабоды трэба дамагчыся, яе трэба заслужыць. Так рабілі іншыя народы Еўропы.

Прэч сумневы, у адзінстве сіла!

Улады затрымалі дзясяткі людзей у сталіцы і ў рэгіёнах, бо ўздыму рэгіёнаў яны найбольш баяцца. Улады смяротна баяцца масавасці маніфестацый. Але гэтыя людзі душою і думкаю з намі.

[...] Дзяўчаты і хлопцы! На вас, наша моладзь, надзея! Слухайце сваё сумленне, рабіце дабро і нічога не бойцеся.

Сябры Беларусі з розных краінаў Еўропы прыехалі 14 кастрычніка ў Мінск. Дзякуй ім!
Звяртаюся і да тых, хто яшчэ не адолеў страх, хто яшчэ не ачысціўся ад іртуці хлусні. Мы адна нацыя. У нас роўныя правы і супольная будучыня.

Мы — еўрапейцы! Мы — гаспадары дзяржавы, мы — крыніца ўлады. Падтрымайце еўрапейскі выбар для Беларусі! Гэта адзіны шлях да здароўя нашых унукаў, добрае адукацыі для дзяцей, дабрабыту, які адбудавалі ўжо сабt іншыя нацыя Цэнтральнай Еўропы.

Ад свабоды выйграюць усе. Нават тыя, хто цяпер яе баіцца.

Мы - цэнтральнаеўрапейцы! І мы кажам – жыла і жыве Беларусь!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі