Wasp'n'Hornet - Wasp'n'Hornet
Дэбютны альбом беларускага англамоўнага праекта, створанага былым кліпмэйкерам "Ляписа Трубецкого" Віталём Сідаруком ды сынам бубнача гурта Мікалаем Старажуком.
Навіна пра тое, што бубнач Аляксандр Старажук сыходзіць з "Ляписа Трубецкого” у свой час неяк здзівіла. Маўляў, навошта, чым ён зараз будзе займацца, няўжо вырашыў больш не займацца музыкай?.. Але ўсе падазрэнні аказаліся лішнімі. Музыка да лучыўся да праекта свайго сына Мікалая, мастака Віталя Сідарука ды гітарыста Івана Калкоўскага. Wasp'n'Hornet, што ў перакладзе “Аса ды Чмель” – гэта англамоўны электронны рок. Нельга сказаць, што дэбютная аднайменная кружэлка, гэта нешта экстра неардынарнае. Падобнай музыкі ў свеце хапае. Праўда, у Беларусі гэтую стылістыку неяк спрабуюць абыйсці.
Але ні ў якім разе нельга называць Wasp'n'Hornet плагіятчыкамі, ці казаць, што яны спрабуюць капіяваць пэўных замежных музыкаў. Безумоўна, калі слухаеш іх трэкі, то абавязкова з нечым спрабуеш параўнаць. Але гэтых “з нечым” на дванаццаць песень альбома вельмі шмат. Тут можна ўзгадваць Chemical Brothers, Prodigy, Kasabian… карацей, спіс насамрэч немалы.
Зразумела, што з такім музычным досведам, як у Аляксандра Старажука, ніякіх пытанняў да запісу быць не можа. Але, як высветлілася, вядомы бубнач да запісу кружэлкі не мае ніякага дачынення. Ён далучыўся да праекта ужо пасял. Тым не меньш, усё гучыць чысценька, усё на сваім месцы, нават не ведаеш, што можна б было дадаць да гэтых аранжыровак. Хіба толькі большай моцы ды энэргетыкі-харызмы ў вакале. Але гэта неабавязкова і, хутчэй за ўсё, прыйдзе з часам, бо праект стоадсоткава не аднадзённы.
Не гледзячы, што гурт, безумоўна, ставіць менавіта на электроннае гучанне, жывыя гітары ды бубны ўсё ж выконваюць далёка не апошнюю ролю. І гэта адразу выкідае музыкаў з клубных, дыскатэчных пляцовак. Можна смела сказаць, што тое, што робіць Wasp'n'Hornet, гэта прадукт для дастаткова вузкага кола аматараў менавіта такой музыкі. Самы электронны трэк на кружэлцы “AD”, але і ён таксама наўрад ці захопіць шырокую аўдыторыю.
Улічваючы, што альбом Wasp'n'Hornet выў выдадзены на расійскім лэйбле і музыкамі займаецца Аляксандр Бергер (піяршчык “Ляпісаў”), то, хутчэй за ўсё, праект першапачаткова планаваўся для працы за межамі Беларусі. Прычым тое, што гурт англамоўны, адкрывае для іх дарогі і на Захад. І гэта правільна, бо масава ўспрымаць такую музыку ў нас пакуль яшчэ не гатовыя.
Ну, і некалькі словаў пра “мінусы”. Калі слухаеш увесь альбом адразу, то прыкладна на палове губляешся, музыка становіцца нібы фонам да ўсяго, што адбываецца вакол. Таму апошнія трэкі неяк губляюцца, яны зліваюцца ў адзін. А вось добра гэта ці дрэнна – вырашаць ужо вам. Застаецца толькі пажадаць поспехаў Wasp'n'Hornet і выказаць захапленне Аляксандрам Старажуком, які кінуў паспяховых “Ляпісаў” і заняўся новым праектам. Прычым, праектам, які выконвае музыку, думаецца, дастаткова новую для бубнача.
Трэк ліст:
01 - Not Rockers
02 - Different Kind Of Man
03 – Narcissus
04 - Through The Fog
05 – AD
06 - True Painter
07 - Feeling Out
08 - Heavy Sun
09 - The Thing She Does The Best
10 - Elder Bro
11 – Guide
12 - Choise
Музыка – Мікалай Старажук
Словы – Віталь Сідарук
Склад Wasp'n'Hornet:
Мікалай Старажук – праграмаванне, барабаны, гітары, аранжыроўка
Віталь Сідарук – вакал
Аляксандр Старажук – барабаны
Іван Калкоўскі – гітары