"We rock" выцягне на сцэны мінскіх клубаў маладыя гурты
Пляцоўка, "апарат" і адсотак ад грошай за квіткі ў абмен на музыку – такая формула прасоўвання маладых музыкаў да сталічных гледачоў.
У Мінску стартаваў праект "We rock", накіраваны на падтрымку маладых музыкаў. Першыя канцэрты ў яго межаў ужо адбыліся ў сталічным клубе "Алекс’с". А з 18 сакавіка "We rock" разгорнецца адразу на двух пляцоўках: да "Алекс’с" дадасца клуб "Манхэттэн". Гэтую пляцоўку для сябе абралі музыкі, якія граюць у накірунках індзі-рок, пост-рок, фолк-рок ды інш.
"Клуб "Алекс’с" – такая "трэшэвая" пляцоўка, – распавяла Еўрарадыё арганізатарка праекта Анастасія Самусенка. – Там у нас будуць праходзіць больш цяжкія канцэрты – гэта метал, гэта панк-рок. Той жа гурт "Аддис Абеба" сказаў, што "у "Манхэттэне" нам няма чаго рабіць, а вось "Алекс’с" нам падыходзіць ”. Таму ў "Манхэтэне" у нас будзе рок "палягчэй". Канцэрты у "Манхэтэне" мы будзем праводзіць штопятніцу".
Цікава, што з 18 сакавіка "We rock" зробіцца часткай больш маштабнага праекта "Грув нэйшн".
Анастасія Самусенка: "У межах гэтага праекту мы будзем аказвать падтрымку не толькі маладым рок-музыкам, але і маладым гуртам, якія працуюць у іншых накірунках: фольк, фанк, джаз, а таксама будзе папулярызавацца музыка ўжо больш вядомых музыкаў ды гуртоў".
Па словах Анастасіі, за ідэяй праекту не стаіць адзін "глабальны" арганізатар ці прома-група.
"Проста сабраліся некалькі арганізатараў канцэртаў, якія ўмеюць гэта рабіць і робяць гэта добра, – кажа яна. – У іх ёсць кантакты ў СМІ і на клубных пляцоўках Мінска. Гэта Аляксандр Урсалаў, Андрэй Капанец, гэта я, Анастасія Самусенка".
На дадзены момант праект не носіць камерцыйнага характару і не мае спонсараў. Арганізатары ўсё робяць сваімі сіламі:
Анастасія Самусенка: "У нас ёсць доступ да "апарата", ёсць дамоўленнасці з шэргам СМІ. Мы ганарымся тым, што на першае мерапрыемства праекта 24 лютага, дзе выступаў новы малады гурт Soul Emigrant, а таксама Open Space і Esprit, музыкі вельмі хутка сабралі публіку і, дзякуючы гэтаму, змаглі "адбіць" апарат і нават зарабіць невялікія ганарары".
Калі квіткі будуць добра прадавацца і надалей, працягвае Анастасія, гурты будуць атрымліваць ганарары, а праект зробіцца камерцыйным. Пакуль жа арганізатары спрабуюць прыцягнуць увагу да творчасці маладых музыкаў і, каб надаць канцэртам разнастайнасці, уключаюць у склад аднаго мерапрыемства гурты, розныя па стылістыцы. Выступоўцаў жа шукаюць праз сацыяльныя сеткі.
Анастасія Самусенка: "Многія гурты маюць свае старонкі ў інтэрнэце – Facebook і vKontakte. Хутка vKontakte ў нас саміх з’явіцца старонка, праз якую мы будзем піярыцца і запрашаць гурты да супрацоўніцтва, слухаць запісы і прымаць заяўкі".
Самі музыкі, якія ўзялі ўдзел у першым канэцрце праекта "We rock", засталіся вельмі задаволеныя ўмовамі мерапрыества і таго, як сур’ёзна да іх паставіліся арганізатары. Як распавёў Еўрарадыё лідэр гурта Soul Emigrant Слава Лаўроў, праект "We rock" прынес яму не толькі задавальненне ад першага сур’ёзнага выступу, але і першыя грошы:
Слава Лаўроў: "Гэта не стабільная сума, усё залежыць ад колькасці гледачоў. Гэты праект – выдатная дапамога! Гэта абсалютна нармальныя ўмовы, якія, я лічу, павінны быць стандартнымі для ўсіх канцэртаў. Мы ж не дзякуем афіцыянтам у рэстаране за тое, што там чыстыя талеркі і абрусы – бо ведаем, што так і павінна быць!"
Soul Emigrant
Да таго ж, кажа Слава Лаўроў, вельмі карысным быў погляд гуртоў "з досведам" на выступ маладых музыкаў:
"Па-першае, мы атрымалі шмат водгукаў як ад гуртоў, з якімі мы гралі – Open Space і Esprit – так і ад іншых гуртоў. Нам паказалі невялічкія памылкі з пункту гледжання таго, як будаваць выступ, як лепш граць. І розныя іншыя фішкі і "прымочкі", якія "даганяеш" ужо крышачку абкатаўшыся..."
Наступны канцэрт праекту "We rock" адбудзецца 18 сакавіка. Плануецца, што ў бліжэйшы час у праекце возьмуць удзел такія гурты як Dali, Hair Peace Salon, LILAC, Re1ikt, "Мамкины бусы".
Анастасія Самусенка: "Гэта тыя, хто ўжо адгукнуўся і хто прыедзе падтрымаць маладых музыкаў, дапамогуць ім сабраць аўдыторыю і пазнаёмяць сваю публіку з новымі грутамі. Гэта пакуль асноўная задача. Бо шмат людзей з тых, хто прыйшоў на першы канцэрт 24 лютага, казалі, што нават і не ведалі, што ў Беларусі ёсць такія гурты, і пакінулі нам адрэсы электроннай пошты, каб і надалей прыходзіць на падобныя імпрэзы".
Заяўку на ўдзел у праекце "We rock" можна даслаць праз e-mail: [email protected]. За раскладам канцэртаў ды іншымі навінамі сачыце на старонке праекта "We rock" vKontakte.