Як 72-гадовая ветэранка завода “Гродна Азот” у эміграцыі стала блогеркай
Аляксандра Ханевіч
Аляксандра Ханевіч цяпер жыве ў Беластоку. Кінуць родны Гродна яе змусілі падзеі 2020-га. У падкасце “Іншыя гісторыі” жанчына расказала пра свой складаны жыццёвы шлях і пра тое, як яна пачуваецца ў эміграцыі.
Складаны лёс
Спадарыня Аляксандра нарадзілася ў 1952 годзе ў вёсцы Калбасіно, якая ўжо злілася з Гродна. І ўсё жыццё правяла ў родным горадзе. У тры гады яна засталася без бацькі, і ўжо ў 9 год дзяўчынка пайшла на сельскагаспадарчыя працы, каб штосьці зарабіць для сям’і.
Сяброўкі маці настойвалі, каб Аляксандра куды-небудзь паступала і атрымлівала адукацыю, але яна перажывала, за што ж будзе жыць сям’я. Знарок заваліла экзамен у політэхнічны тэхнікум у Гродна — і пасля школы пайшла працаваць на абутковую фабрыку.
Праз 8 год у Гродна пачалі будаваць завод “Хімвалакно”, які цяпер філіял “Гродна Азота”. У дэкрэтным водпуску Аляксандра паспела скончыць прафесійна-тэхнічнае вучылішча і атрымаць прафесію тэхніка-механіка, каб яе маглі ўзяць на новы завод.
Працу і вучобу спадарыня Аляксандра сумяшчала з апекай над дзецьмі. Яна нарадзіла траіх дзяцей. Дачка ў выніку няшчаснага выпадку загінула ў тры гады. Малодшы сын пайшоў з жыцця ў 39 гадоў у 2018 годзе. У гарадзенкі застаўся сярэдні сын, яму цяпер 48 гадоў і ён таксама ў Беластоку.
Апоры на мужа жанчына ў той час не мела — яго забрала алкагольная залежнасць. Праз 20 гадоў разышліся, а потым ён памёр. З другім мужам спадарыню Аляксандру раздзяліла мяжа: ён застаўся ў Беларусі, і жанчына ўбачылася з ім пасля эміграцыі толькі ў 2023 годзе.
12 гадоў на шкодным прадпрыемстве
Аляксандра Ханевіч прыйшла на “Хімвалакно” яшчэ да запуску.
“Я была “апаратчыкам прыгатавання хімраствораў”. Гэта такі раствор, праз які трэба прапусціць нітку, каб яна была аднастайная. Шкодная праца. Трэба было адпрацаваць 7,5 гадоў, каб на 10 гадоў раней выйсці на пенсію.
Такі больш мужчынскі калектыў. Сябруем да гэтай пары. Але хачу сказаць, што мужчын вельмі шмат памерла. Не проста так плацяць тую пенсію. Але я адрабіла замест 7,5 год ― 12.
Па нашых мерках у мяне някепская пенсія ― 950 рублёў. Гэта 300 долараў. На польскія ― 1200 злотых. Смеху варта”, — расказвае спадарыня Аляксандра пра працу на заводзе.
Жанчына выйшла на пенсію ў 2008 годзе. Але засталася працаваць. І ўжо ў тыя гады было заўважна, што казаць праўду і патрабаваць выканання сваіх правоў — гэта значыць наклікаць на сябе праблемы.
“У 45 гадоў нам пачалі плаціць пенсію, але з працы не звальнялі да 55 гадоў. Мне было 52 гады, калі я начальніку сказала, што павінна быць так і так. Праз месяц ён сказаў, што ў яго цэху мне месца няма. Ну няма, дык няма. Але я ведала, што менш, чым за 3 гады да 55 мяне не маглі звольніць”, — узгадвае спадарыня Аляксандра.
У іншыя падраздзяленні яе не бралі, бо той начальнік разнёс паўсюль вестку, што вось з гэтай змагаркай лепш не звязвацца.
Тады спадарыня Аляксандра звярнулася ў прафком, напісала ў прафсаюзную газету “Беларускі час”. Розгалас быццам бы яшчэ больш раззлаваў былога начальніка, але на працу яна ўсё ж уладкавалася — заваявала давер сваім прафесіяналізмам.
У 57 гадоў пайшла ў аўташколу
Пасля выхаду на пенсію Аляксандра Ханевіч накіравала сваю прагу да актыўнасці ва ўдзел у ветэранскай арганізацыі. І стала яе старшынёй.
“Да нас з пытаннямі пенсіянеры прыходзілі: што маглі вырашыць, тое вырашалі. З той жа дапамогай ― не ў кожнага была высокая пенсія, а людзям, якія больш хварэлі, то і на таблеткі не заўсёды хапала. І ў хаце то мужык выпівае, то сын выпівае. Прыходзілі людзі і з такімі скаргамі”, — кажа Ханевіч.
На пенсіі спадарыня Аляксандра знайшла яшчэ і падпрацоўку вартаўніком на будоўлі. І ў начныя змены вучыла правілы дарожнага руху, каб у 57 гадоў скончыць аўташколу. А ў вольны час (і адкуль ён толькі быў!) падпрацоўвала сядзелкай.
У аўтазаку крычала пра Захаранку
Праца ў ветэранскай арганізацыі азмрочылася прымусовым зборам подпісаў за Лукашэнку ў 2020-м. Пра гэта, а таксама пра тое, што яе натхніла стаць удзельніцай пратэстаў 2020-га, жанчына расказвае ва ўласным блогу.
У тым жніўні пенсіянерка трапіла ў гродзенскую турму. Туды ж у 1942 годзе кінулі і маму Аляксандры Ханевіч.
“І калі я там была, то думала: «Мама, можа на адным ложку ляжым». Там сцены такія страшныя. Можа, з таго 1942 нічога не роблена. Потым яна была ў Асвенцыме і ў Бухенвальдзе, бо была сувязной партызанскага атраду «Звязда»”, — расказвае гераіня падкаста.
Калі яе везлі ў аўтазаку, схапіўшы проста на вуліцы, жанчына крычала ў бок міліцыянтаў: “Налапалі злачынцаў! А што ж вы столькі гадоў не можаце знайсці, хто Захаранку…”
У судзе ёй далі 20 базавых штрафу, яе сыну — сем сутак за тое, што “мама разумная”.
Жанчыну такая несправядлівасць раззлавала — і яна прынцыпова пачала хадзіць на ўсе мітынгі. Потым захварэла на кавід, выздаравела і ў 69 гадоў у снежні 2020-га з’ехала ў Польшчу.
Найлепшыя гады — цяпер
Нягледзячы на складанасці эміграцыі жанчына выпраменьвае пазітыў. І кажа, што апошнія два гады — самыя шчаслівыя для яе.
“Першы год, калі прыехалі, то за адно, то за другое хвалявалася. Блогеркай стала, як пачула, што Лукашэнка, яшчэ нейкія “азаронкі”, кажуць, што “збеглі такія-сякія здрайцы, а есці там няма чаго. Яны толькі там унітазы мыюць”. Я мыла, і для гэтага ёсць спецыяльныя сродкі, каб мыць. Я не вельмі люблю ў пальчатках. І было такое, што ў адной былі вельмі моцныя сродкі для ачышчэння. А мне трэба было адбіткі пальцаў здаваць, і я пайшла ў памежны камітэт. Прыходжу, а ў мяне адбіткаў пальцаў не могуць узяць. Гэта так у мяне ад гэтых сродкаў”, — не саромеецца сваёй працы жанчына.
У адказ на дзяржпрапаганду пенсіянерка вырашыла расказваць праўду пра сваё жыццё ў Польшчы. Гродзенскія журналісты, што жывуць у Беластоку, падказалі жанчыне, як завесці YouTube-канал, як здымаць — і справа пайшла.
Першае відэа на яна прысвяціла таму, як збегла ад Лукашэнкі. Яшчэ расказвае, як праводзіць вольны час — вось танчыць у Беластоку, напрыклад. Як святкуе мясцовыя святы і каштуе пончыкі ў Тлусты чацвер. Падарожнічае і паказвае польскія гарады і мястэчкі, расказвае пра цэны ў крамах, дзеліцца рэцэптамі. Словам, вядзе лайфстайл-блог, не звяртаючы ўвагі на ўзрост.
“Не глядзіце тэлевізар, там хлусня”, — звяртаецца Аляксандра Ханевіч да сваіх равеснікаў і не толькі ў Беларусі.
А ўсім беларусам дае наказ трымацца адзін аднаго.
“Шкада моладзь, якая разумная. Колькі я тут пабачыла разумных людзей: і дактары, і журналісты, і хто ты хочаш. І павінны з’ехаць са сваёй радзімы, са свайго дому. І яшчэ іх падаюць, як нейкіх здрайцаў.
Трэба трымацца адзін аднаго і не рабіць, як гэта кажуць, бульбаспрэчак. Бо ў нас трохі ёсць гэта. Аб’яднайцеся. Як кажуць, беларус беларусу беларус. Нам могуць трохі дапамагчы, але галоўнае ― гэта мы самі, і павінны ратаваць сваю краіну”, — кажа Аляксандра Ханевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.