Як купіць кватэру па даверанасці і не застацца на вуліцы без грошай?

Рыэлтары кажуць, што здзелку па даверанасці можна лёгка скасаваць. Кватэру забярэ гаспадар, а вось грошы вярнуць будзе цяжэй.
У Мінску шмат людзей прадае і купляе кватэры паводле даверанасці. Але не заўсёды ўсё праходзіць добра. Такую здзелку вельмі проста адмяніць — і тады пакупнік застанецца без грошай і без кватэры.

Схема “разводу” можа быць простай. Хтосьці піша даверанасць на свайго знаёмага. Ён прадае кватэру. А на наступны дзень высвятляецца, што даверанасць была скасаваная. Кватэру суд вяртае ўладальніку. А давераная асоба з вашымі грашыма знікае.

"Калі грамадзянін, які выдаў даверанасць, хоча яе адмяніць, то ён прыходзіць у любую натарыяльную кантору і падпісвае заяву аб адмене. Далей, згодна з законам, ён сам абавязаны апавясціць давераную асобу і іншых зацікаўленых асоб аб гэтым", — кажа загадчыца Першай мінскай гарадской дзяржаўнай натарыяльнай канторы Святлана Гурыновіч.

А вось далей і пачынаюцца праблемы. У Грамадзянскім кодэксе ёсць пералік, калі пагадненне можа быць прызнаная несапраўдным. Вось здзелка па даверанасці будзе адмененая, калі даверанасць несапраўдная або памёр уладальнік кватэры. Але часта праверыць гэта проста немагчыма. Давернік можа проста не ведаць, што даверанасць адмянілі. Або можа ведаць, але не казаць пра гэта. А ў натарыуса і ў Бюро тэхнічнай інвентарызацыі, дзе і афармляюцца такія здзелкі, гэтай інфармацыі таксама няма.

"У мяне быў выпадак, калі мы адмовілі чалавеку ў аказанні рыэлтарскай паслугі, таму што легальнасць даверанасці праверыць было немагчыма. Гэта заканадаўчая недапрацоўка", — кажа рыэлтар мінскага агенцтва "Квадратны метр" Аляксандр Гарашчэня.

Калі ж даверанасць была адмененая, то пагадненне будзе прызнанае несапраўдным. І пацерпіць ў першую чаргу пакупнік.

Аляксандр Гарашчэня: "Пасля скасавання здзелкі кожны з бакоў абавязаны вярнуць іншаму ўсё атрыманае. Але кватэру вярнуць прасцей, чым грошы. Яна нікуды не дзенецца, а грошы могуць шмат куды знікнуць".

З іншага боку, уладальнік кватэры павінен сам паведаміць даверанай асобе аб адмене даверанасці. А калі паведаміць не атрымалася?

"Калі давераная асоба не магла ведаць аб тым, што даверанасць адкліканая, то здзелка застаецца ў сіле. А што гэта значыць — "не магла ведаць"? Ну, даслалі мне ліст на адрас маёй прапіскі. Можа нават заказны. За яго магла распісацца мая мама, а я яго не бачыў", — кажа рыэлтар агенцтва "Квадратны метр" Аляксандр Гарашчэня.


Чаму давернік можа захацець адмяніць даверанасць?

Аляксандр Гарашчэня: "Напрыклад, чалавек атрымаў ад вас даверанасць, каб прадаць кватэру за пэўную суму. А вы даведаецеся, што яна каштуе даражэй. Або вы проста перасталі давяраць яму. Або перадумалі прадаваць кватэру".

Людзі дасведчаныя могуць скасаваць даверанасць і паведаміць аб гэтым у Мінюст, які ў сваю чаргу занясе інфармацыю ў базу натарыяльных кантор — і здзелка не пройдзе. Але гэтая практыка ніяк не ўрэгуляваная і не адпрацаваная. А рашэнні, на думку Аляксандра Гарашчэні з агенцтва "Квадратны метр", можа быць два.

Першае — гэта давераная асоба павінна даваць распіску, што давернік жывы і даверанасць не адклікалася. І ўся адказнасць тады будзе класціся на яго. А пакупнік будзе застрахаваны, і кватэру ў яго ніхто не забярэ.

Другі варыянт — каб інфармацыя аб скасаванні даверанасці даходзіла да органаў, што яе рэгістравалі. Усе здзелкі праходзяць праз БТІ.

Аляксандр Гарашчэня: "Калі я жыву, напрыклад, у Польшчы і раздумаў кватэру сваю ў Беларусі прадаваць або перастаў сваёй даверанай асобе давяраць, то я хачу скасаваць даверанасць. Прыходжу ў консульства і паведамляю аб гэтым. Яны адпраўляюць гэтыя дадзеныя ў БТІ — і ўжо ніводная здзелка па маёй даверанасці не пройдзе".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі