Як Вы, Kriwi, Нагуаль і Стары Ольса можаце адрамантаваць гісторыю open air

12 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца фестываль фолк-музыкі "Камяніца" пад акрытым небам.
На фэсце будуць граць гурты Kriwi, Стары Ольса, Нагуаль, Джамбібум, Гаротніца і іншыя гурты.

Музычны фестываль упершыню пройдзе на тэрыторыі музея, а мэта яго правядзення – сабраць грошы на рамонт і захаванне старажытных экспанатаў.

Музей народнай архітэктуры і побыту быў заснаваны ў 1976 годзе. На яго тэрыторыі пад адкрытым небам захаваныя помнікі драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў з усёй Беларусі: хаты і цэрквы, млыны і гаспадарчыя будынкі. Але драўляныя дамы патрабуюць рэгулярнай апрацоўкі ад грыбка, а і іх чаротавыя дахі – аднаўлення. Грошай, якія выдаткоўвае дзяржава не хапае.

“Напрыклад, чаротавы дах на адзін будынак каштуе 70-90 мільёнаў рублёў. Калі яго не замяніць своечасова, будынак набярэ вільготнасць і пачне паступова разбурацца”, – распавядае дырэктар музею Святлана Лакотка.

Арганізатары фэсту раяць усім наведаць музей, прыязджаць “парамі, з дзецьмі, з бацькамі, з бабулямі-дзядулямі. Проста прыязджаць і шпацыраваць сярод лугоў і аўтэнтычных хатак, дыхаць паветрам нашай жывой спадчыны”.

Тым больш, калі з’яўляецца магчымасць паслухаць цудоўную музыку і дапамагчы музею захаваць нашу гісторыю.



Кошт квіткоў на мерапрыемства будзе звычайным для музею – 6300 рублёў для дарослых, а для школьнікаў – напалову ніжэй. Наведвальнікі змогуць не толькі паслухаць канцэрт, але і паглядзець усю экспазіцыю. Фэст працягнецца з 15-й да 21-й гадзіны, а сам музей адкрыецца ўжо а 10-й раніцы.

Папярэдняя рэгістрацыя і дадатковая інфармацыя на сайце http://fest.kamyanitsa.by.

Даведкі па тэлефонах: (029) 670 13 30, (017) 507 69 37.

Усе сабраныя грошы пойдуць на рахункі музею.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі