Як вызвалялі Саўчанка: 5 гадзін сядзела ў аўтобусе без нумароў (фота)

Як вызвалялі Саўчанка: 5 гадзін сядзела ў аўтобусе без нумароў (фота)

Віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка ў сваім фэйсбуку распавяла, як адбывалася перадача Надзеі Саўчанка ўкраінскаму боку. Нагадаем, што асуджаную ў Расіі лётчыцу сёння самалётам даставілі на радзіму. Герашчанка была на борце самалёта прэзідэнта Украіны, які прыбыў у Растоў-на-Доне, каб вярнуць Саўчанка на радзіму.

"6.30 — самалёт. Прэзідэнцкі борт вылятае па Надзею. Растоў. Мы не маем права схадзіць з трапа. Аперацыяй па даручэнні прэзідэнта кіруе кіраўнік СБУ. Згодна з дамоўленасцямі, Надзея павінна зайсці ў самалёт у тую хвіліну, калі расійскі самалёт, які ў гэты час прызямліўся ў Кіеве, прыме на свой борт двух расійскіх забойцаў-ГРУшнікаў.

...Гадзіна чакання. Пачынаецца рух дзвюх машын без нумароў. Там — спецназ, ФСБ і дзесьці там, за цёмнымі вокнамі, Надзея... Чакаем яе выйсця.

Раптам у нас са Святам (Святаслаў Цэголка, прэс-сакратар Пятра Парашэнкі. — Еўрарадыё.) пачынаюць абрывацца тэлефоны: у расійскіх СМІ запусцілі інфармацыю пра самалёт, вызваленне і г.д. Усё затрымліваецца. Мы нервуемся. Глядзім з адчыненых дзвярэй самалёта ў вочы тым, хто ў машыне.

Усё! Пайшоў рух! Яна выходзіць у атачэнні дзесяці мужчын у форме. Яна глядзіць на неба і прагна хапае паветра. Яна падымаецца на борт і крычыць: "Слава Украіне!" Ну, і яшчэ сёе-тое, але хай застанецца за кадрам ....): Дорым ёй букет у патрыятычных колерах. "Я не люблю кветкі!" — адразае Надзея (чуеце, дарагія калегі, раю вам Надзеі кветкі не дарыць). Кладзе букет побач: "Гэта маме аддам", — кажа. Нарэшце мы абдымаемся. Яна — як напятая струна, яшчэ не верыць у тое, што адбываецца, расказвае, што 5 гадзін сядзела ў тым аўтобусе без нумароў, чакаючы руху дадому, ва Украіну. Яна, мабыць, інакш ўяўляла сабе гэтыя першыя эмацыйныя хвіліны.

Між тым нашаму борту пакуль не даюць вылет. Надзя скідае зімовыя боты, псіхалагічна адыходзіць — адаграецца, паказвае нам свой няхітры скарб, які вязе ва Украіну: вырабы з паперы, якія канструявала-збірала, каб заняць сябе ў камеры. І падарунак маме на дзень нараджэння: талерачку, якую сама склеіла, і тады, у сакавіку, не магла аддаць сама.

І яшчэ — два велізарныя пакеты з лістамі. Гэта толькі тыя, што атрымала ў гэтым месяцы!

Яна імчыцца ў кабіну пілотаў і нарэшце пасміхаецца. Шчыра, шырока і шчасліва. Яна ўжо не вожык. Толькі ў кабіне яна адчула, што ўсё, што адбываецца — гэта праўда.

У нас, калі шчыра, таксама паслястрэсавы стан): — бо перахваляваліся, бо ведаем, як цяжка змагаліся многія за вызваленне Надзеі і як усё было хістка і няпэўна.

Надзея кажа тыя першыя словы, якія хоча сказаць усім, хто яе падтрымліваў. Потым зноў рэзка падымаецца з крэсла і імчыцца ў кабіну пілотаў: "Я павінна ўбачыць перасячэнне мяжы!!! О! Навальніца! Харкаў! Паляцелі ў Чугуеў!" — смяецца яна.

Дзве гадзіны дарогі мы гаворым пра галоўнае: вызваленне ўсіх астатніх. Надзея прагна распытвае пра іншых закладнікаў: колькі іх яшчэ застаецца ў РФ і колькі ў ОРДЛО, як прасоўваюцца перамовы па іх вызваленні.

Расказваем пра тое, што ў хуткім часе чакаем станоўчых навін пра Генадзя Афанасьева і Юрыя Салашэнку, і таму так перажывалі, каб сёння ўсё адбылося. Надзея вельмі хоча, каб яе голас пачуў увесь свет і каб гэты голас дапамог вызваліць нам ўсіх нашых палонных. Веру, так і будзе.

Нарэшце навальніца. Мама і сястра змаглі абняць Надзею.

А мы — працуем далей. Павінныя вызваліць усіх".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі