Які твар у беларускага ЖЖ?

У Мінску прайшла трохдзённая акцыя "ЖЖ у тварах". У яе межах адбыліся майстар-класы беларускіх фатографаў Андрэя Дубініна (ЖЖ-карыстальнік tamriel), Юрася Кулікова (ЖЖ-карыстальнік yurakul) і Вадзіма Качана, Рэлакс-party і "ДруЖЖба". Але гэтыя мерапрыемствы былі толькі прыемным дадаткам да галоўнага – выставы партрэтаў ЖЖ-юзераў, якія зрабіў фатограф Сяргей Чорны (ЖЖ-карыстальнік view-by). Яму хацелася на хвалі папулярнасці віртуальных дзённікаў і іншых сацыяльных сетак паказаць прыгожыя твары людзей, якія актыўна жывуць у беларускім ЖЖ-сегменце.

Праект рыхтаваўся больш за год і быў прэзентаваны ў рэспубліканскай выставачнай галерэі. На адкрыццё выставы прыйшло больш за 200 чалавек, некаторыя з іх, як і менеджэр праекту Алена Сіцікава, былі настолькі ўражаныя, што таксама завялі сабе старонку на платформе livejournal.com.

Сіцікава: "Кожны выбіраў сабе тое, што яму цікава. Хтосьці разглядаў здымкі, хтосьці ўдзельнічаў у фотасесіі, хтосьці сачыў за выступам тэатра EYE, хтосьці глядзеў, як фарбуецца бодзі-арт… Усе размаўлялі паміж сабой, і было вельмі прыемна бачыць, як юзеры сустракаліся і казалі: "А ты гэта той і той? — Так, гэта я." І знаёміліся ў рэале. А гэтым жа часам на сценах вісяць здымкі, на якіх усе знаходзяць знаёмыя твары і нікі. Былі людзі, якія адзначалі, што "не хапае мяне" і адразу запісваліся на другі сезон "ЖЖ у тварах".

Праз пэўны час Сяргей Чорны плануе зрабіць яшчэ адну выставу ў межах праекту. Для яе назбіралася ўжо нямала здымкаў, аднак дадаткова плануецца яшчэ пафатаграфаваць ахвотных ЖЖ-юзераў. У першай жа частцы "ЖЖ у тварах" узялі ўдзел больш за 120 юзераў. У выставу трапіла 36 фотаздымкаў. Гэта тыя, хто першым адгукнуўся на прапанову паўдзельнічаць, а таксама VIP-блогеры беларускага ЖЖ, якіх прыцягнуў сам фатограф – сярод іх, напрыклад, Каця Пытлева, Тамара Лісіцкая.

Сяргей Чорны: "Самая маленькая фотасесія доўжылася 20 хвілін. І тое, дзякуючы таленту Томы Лісіцкай. Маліноўскага я фатаграфаў, калі ён здымаўся для "Великолепной семерки" на водных лыжах. З некаторымі было працаваць вельмі лёгка. ЖЖ-юзера antusha мы збіраліся здымаць на будоўлі, а пасля яна залезла на брудны ЗІЛ. Так бы змог не кожны".

Таксама ў здымках і вечарынах прымаў удзел журналіст Ваня Мураўёў (ЖЖ-карыстальнік hmuren), які дапамог зладзіць кальян-паці. І распавёў пра тое, што яго прывабіла ў праекце.

Мураўёў: "Пра Мінск кажуць, што гэта правінцыйны горад, дзе нічога не адбываецца і ўсё дрэнна. А рух толькі ў Маскве і еўрапейскіх гарадах. Гэта ж няпраўда! Любыя рухі, калі людзі сабраліся разам, нешта зрабілі – гэта ўпрыгожвае горад, і ў ім становіцца жыць цікавей".

Другая частка "ЖЖ у тварах" адбудзецца дзесьці праз паўгода. Стаць яе ўдзельнікам зможа любы ЖЖ-карыстальнік, які адгукнецца на чарговую прапанову Сяргея Чорнага. Сачыце за суполкай.


Фота — www.serge.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі