Якія камп'ютарныя гульні самыя папулярныя сярод беларусаў?

У Беларусі па колькасці продажаў ліцэнзійных дыскаў з камп'ютарнымі гульнямі лідзіруе World of Warcraft. "Цацка" прадаецца паспяхова ўжо 6 год. Лічыцца, што ў яе гуляе больш за 200 тысяч беларусаў. 
"StarCraft таксама шмат часу будзе папулярнай. Хаця б таму, што наступная яе частка выйдзе толькі праз 18 месяцаў", — расказвае кіраўнік праекта Game-online Андрэй Вендзілоўскі. 
Паводле словаў эксперта, ёсць гульні, якія прадаюцца ў нас стабільна па 15 год. Напрыклад, Neverhood — пластылінавы квэст. Такім поспехам не могуць пахваліцца нават самыя вядомыя хіты. Аднак звыклыя камп'ютарныя "стралялкі" і стратэгіі апошнім часам саступаюць па папулярнасці гульням ў браўзерах і сацыяльных сетках.
Вяртаецца цікаўнасць і да прыставак. Самая папулярная з іх у Беларусі — xbox, кажа Андрэй Вендзілоўскі.
"Калі прыстаўку xbox купляюць, бо яе лёгка ўзламаць, і пад яе шмат пірацкіх дыскаў — то Playstation-3, якую ніхто не ўзламаў, купляюць людзі з добрым даходам, якія выкарыстоўваюць яе як мультымедыйны цэнтр, слухаюць музыку, круцяць blu-ray дыскі".
Ліцэнзійныя дыскі для прыставак каштуюць 50-80 долараў і чакаць, што яны патаннеюць, не варта, адзначае Андрэй Вендзілоўскі. Набыць ліцэнзійны дыск таксама не проста, іх прывозяць толькі пад замову. Таму многія выкарыстоўваюць пірацкія версіі.
Але ёсць людзі, якія купляюць ліцэнзійныя дыскі для прыставак, каб проста пагуляць. Іх не цікавіць, ці падыходзіць аперацыйная сістэма пад гульню, ці хапае сістэмных патрабаванняў. Але нават такія геймеры пачалі адмаўляцца ад ліцэнзійных версій, бо расчараваліся.
"Вы купілі, заплацілі 60 долараў. Фармальна вы купілі права гуляць ці кавалак пластмасы? А калі вашая дзяўчына паставіла на дыск гарбату ці яго пагрыз любімы хамяк? Гэта цяпер бескарысны кавалак пластмасы".
Ніхто не памяняе дыск і не верне грошы. Людзей пачало турбаваць, што калі дыск сапсуецца, яны губляюць права гуляць. 
Яшчэ адзін момант, які падштурхоўвае беларускіх геймераў выбіраць пірацкія версіі замест ліцэнзійных, — гэта ўчынкі распрацоўшчыкаў. Напрыклад, стваральнікі StarCraft выпускаюць тры версіі гульні: на 4 месяцы, на год і дарагая безлімітная, якую можна купіць толькі ў распрацоўшчыка. Абмежаванне дзейнічае не толькі на сеткавую версію, але і на адзіночную. Вы набылі дыск — і праз 120 дзён ужо не можаце гуляць нават на сваім камп'ютары, пакуль зноў не заплаціце грошы.
"Людзей гэты падыход раззлаваў. Мы не сталі рабіць, як усе, і патлумачылі сваім кліентам, якія зрабілі папярэднюю замову на дыск, што праз 120 дзён ім зноў трэба будзе плаціць. І 2 чалавекі з трох адмовіліся", — расказвае Андрэй Вендзілоўскі.
Чарга за другой часткай StarCraft  у Мінску
Часта распрацоўшчыкі паступаюць з геймерамі проста непрыгожа. Гульня, якую чакаюць некалькі год, выходзіць з памылкамі і можа нават не запусціцца.
"Людзям некалькі год кажуць, гэта гульня супер, чакайце. Чалавек лічыць дні, прыбягае ў краму першым — і што яго чакае? Патч ён атрымае потым, а зараз ён атрымае гульню, якая добра, калі запусціцца. За 15 год у мяне склаліся некаторыя кантакты з хакерскімі групамі. Рэальны выпадак: ведаю, што выходзіць свежая гульня на новым "дзвіжку". Грукаюся да таварыша, пытаюся: "Ну, як там у вас справы". Кажа: "Узламалі, зараз патч робім". Пытаюся: "Да чаго патч? Няўжо ж такая абарона, што без патча ўзламаць не змаглі?" Кажа: "Ды не. Гульня глючная. Гэтая сволач не запускаецца, зараз патч робім, бо людзі будуць думаць, што гэта з-за нашага краку такія праблемы".
З-за ўсяго гэтага і расце папулярнасць пірацкіх версій.
Аднак, як ні дзіўна, пірацкіх гульняў прадаецца мала. 15 год таму пірацкія дыскі друкавалі на невялікіх заводзіках для продажу на кропках. Год 8 таму гэта ўжо былі вялікія фірмы, якія выдавалі дыскі са свежымі гульнямі вялікімі партыямі абсалютна адкрыта. А цяпер пірацтва сышло ў інтэрнэт, і грошы на ім амаль ніхто не зарабляе.
Андрэй Вендзілоўскі прывёў рэйтынг месцаў, дзе мы бярэм пірацкія гульні. Апынулася, што яго ўзначальваюць інтэрнэт-правайдары.
1. Хатняя зона інтэрнэт-правайдараў, даступная кліентам;
2. Хатнія лакальныя сеткі;
3. Інтэрнэт (торэнты, файлаабменнікі);
4. Звычайныя гандлёвыя кропкі (знікнуць гады праз 2-3, калі з'явіцца недарагі і добры інтэрнэт);
5. Інтэрнэт-крамы. (знікнуць праз год: навошта плаціць за тое, што можна спампаваць бясплатна?).
Фота: it.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі