Якое піва атрымаецца з беларускага соладу?

Півавары вырашылі, што добрага ячменю ў Беларусі вырасла толькі некалькі адсоткаў, а дрэнная якасць паўплывае на кошт. Сёння мы з вамі п’ем піва са старых запасаў соладу. Аднак вельмі хутка на загад прэзідэнта ўсе беларускія бровары вымушаны будуць вырабляць піва толькі з беларускага ячменю. Еўрарадыё стала цікава высветліць, якая будзе якасць у “новага” беларускага піва. Як аказалася, зменіцца не толькі якасць, але і кошт пеннага напою.

Па словах дырэктара завода “Аліварыя” Мікалая Дудко, якаснага соладу ў Беларусі толькі некалькі адсоткаў:

“У гэтым і ў мінулым годзе з якасцю соладу сітуацыя не вельмі добрая. Гэта таксама будзе вельмі моцна ўплываць на сабекошт. Але ж гэта лепш, чым наогул спыніць вытворчасць. Мы набываем той ячмень, які ў Беларусі атрымліваецца. Часта гэта не першы клас. Першага класа наогул вельмі мала ў Беларусі. Я баюся схлусіць, але першага класа ў нас літаральна некалькі адсоткаў. А астатні ячмень – гэта другі клас і гэтак далей”.

Цікава, што дадатковая праца з беларускім зернем павінна будзе адбіцца і на кошце нашага піва. Па словах Мікалая Дудко, перапрацоўваць такі солад будзе куды больш затратна:

“Калі няма ячменю вышэйшага класа, то вытворчасць піва ўсё адно не спыніш. Прыходзіцца перапрацоўваць тое, што ёсць. Гэта, канешне, больш цяжка. Піва атрымліваецца вышэй па сабекошце. Ну, можна неяк выкручвацца і рабіць якасць, якая больш-менш адпавядае таму, што патрабуе рынак”.

Галоўны тэхнолаг Лідскага піваварнага заводу Валянціна Багравец аддае перавагу расійскаму соладу:

“Я вам скажу, што расійскі солад лепш за беларускі. Па якасці лепшы і па бялку таксама. Па правілах, бялку ў соладзе павінна быць менш за 11 адсоткаў, а ў нас у гэтым годзе, наколькі мне вядома, атрымліваецца больш за 12”.

На мінулым тыдні піваварная кампанія “Сябар”, якая вырабляе піва “Баброў”, публічна скардзілася на якасць беларускага соладу. Еўрарадыё датэлефанавалася да кіраўніка службы закупак “Сябра” Сяргея Стрыжакова, які сёння рады ўжо таму, што беларускі солад не даражэйшы за замежны:

“Напэўна, у вытворчасці ёсць пэўныя нараканні да гэтага соладу. Ну, па кошце, зрэшты, гэты солад не даражэйшы за той, які за мяжой. Таму па кошце ён нас цалкам задавальняе пакуль, на сённяшні дзень. А хаця якая розніца! Нам жа ўсё роўна іншага не дадуць набываць!”

Аднак украінскі солад, які раней набываў “Сябар”, быў таннейшы. Кажа Сяргей Стрыжакоў:

“Нам яго дазвалялі набываць летам. Мы вазілі ўкраінскі солад. Кошт быў крыху ніжэйшы, чым зараз на “Белсоладзе”.

Дарэчы, на пытанне, ці хацелі б у кампаніі “Сябар” набываць замежны ячмень, адказ быў не вельмі аптымістычны:

”Нават калі б мы і хацелі набываць імпартны – гэта забаронена заканадаўствам. Ну, мы стараемся з таго, што ёсць, зрабіць прымальны прадукт для насельніцтва”.

Фота — http://beerbook.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі