Янку Брылю сёння б споўнілася 90 гадоў

4 жніўня споўнілася б 90 гадоў класіку беларускай літаратуры Янку Брылю.
Пісьменнік нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў Адэсе ў сям'і чыгуначніка. У 1922 годзе разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму, у Заходнюю Беларусь. Скончыў польскую сямігадовую школу, працаваў, займаўся самаадукацыяй.

У 1939 годзе быў прызваны ў польскую армію, служыў у марской пяхоце. У верасні 1939 года Брыль трапіў у нямецкі палон, адкуль восенню 1941 года здзейсніў ўцёкі на радзіму.

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам і рэдактарам газеты "Флаг свободы" і сатырычнай антыфашысцкай улёткі "Партизанское жало".

Янка Брыль — аўтар апавяданняў, аповесцяў, раманаў, кніг публіцыстыкі. У сааўтарстве з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам напісаў кнігу "Я з вогненнай вёскі...". У ёй сабраны сведчанні людзей, якія засталіся жывымі, з ліку жыхароў вёсак, спаленых фашыстамі разам з насельнікамі.

Пісьменнік быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР. Брыль двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967, 1980-1985). Сваім выступленнем ён адкрываў Першы нацыянальны кангрэс дэмакратычных сіл у 1996 годзе.


Брыль памёр 24 ліпеня 2006 года. Пахаваны на могілках у Калодзішчах пад Мінскам побач з жонкай.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі