Ярашук: “Прэзідэнцкі дэкрэт № 9 уводзіць паняцце прымусовай працы"

Еўрарадыё: Якія правы працоўных парушае прэзідэнцкі дэкрэт №9?


Аляксандр Ярашук: Па-першае, гэты дэкрэт уводзіць паняцце, як прымусовая праца. У свеце толькі адна краіна, сумна вядомая М’янма, уводзіла прымусовую працу. У свой час там рабочыя да працоўнага месца нават прыкоўваліся ланцугамі. У нас іншыя ланцугі – юрыдычныя, элементы прымусовай працы былі ўжо ў дэкрэце № 29, калі перавялі рабочых на кантракты. Фактычна дэкрэт № 9 парушае Канстытуцыю краіны, якая дае працоўным свабоду на працаўладкаванне, на звальненне, на выбар працоўнага месца; таксама парушана Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, якая таксама гарантуе гэтыя правы; парушаны Канвенцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы № 105 аб забароне прымусовай працы, якую ратыфікавала наша краіна і № 122 аб занятасці, якую таксама Беларусь ратыфікавала. Гэтыя парушэнні нельга інакш назваць, як выклік міжнароднай супольнасці.

Еўрарадыё: Ці адкажа Еўропа санкцыямі на ўвядзенне дэкрэта №9? 


Аляксандр Ярашук: Міжнародная Арганізацыя Працы сёння мае бадай самыя эфектыўныя інструменты ўплыву, якія змогуць падзейнічаць на беларускія ўлады. І менавіта прынцыповая пазіцыя Міжнароднай Арганізацыі Працы  ў дачыненні не толькі да правоў сяброў незалежнага прафсаюзу, але і  агулам да правоў працоўных, бо яны маюць права ствараць і ўваходзіць у прафсаюзы, якія не залежаць ад дзяржавы,  прывяло да таго, што ў 2007 Еўрапейскі Саюз скасаваў гандлёвыя прэферэнцыі для Беларусі. Я ўжо асабіста сустракаўся з кіраўніком МАП Гаем Райдэрам, і, вядома, мы абмяркоўвалі сітуацыю вакол рабочых дрэваапрацоўчых камбінатаў. Мы занепакоеныя такой сітуацыяй, і магу вас запэўніць, што гэта не застанецца па-за ўвагай МАП. Калі казаць пра нейкія канкрэтныя захады, то не хачу зараз рабіць нейкія прагнозы. Скажу толькі, што ў свой час МАП звярнулася да міжнароднай супольнасці з просьбай увесці эканамічныя санкцыі супраць М’янмы, як адказ на ўвядзенне прымусовай працы. Гэта было аднойчы за 93-гадовую гісторыю арганізацыі. І М’янма была вымушана зрабіць крокі па ўзнаўленні правоў працоўных, і ў краіне пачалася палітычная лібералізацыя.  

Еўрарадыё: Дэкрэт№9 уводзіцца, але існуе  цішыня з боку саміх рабочых. На дрэваапрацоўчых камбінатах, вядома, няма незалежных прафсаюзаў, але, магчыма, увядзенне дэкрэта магло б падштурхнуць працоўных да змаганняў за свае правы?


Аляксандр Ярашук: З моманту ўвядзення прэзідэнцкага дэкрэта № 2 пасля 1999 г. мы не змаглі стварыць і легалізаваць ніводнай пярвічкі незалежнага прафсаюзу. У выніку такая палітыка дзяржавы і прывяла да згубы эканамічных прэферэнцыяў з краінамі ЕС. Гэта паказвае, які катастрафічны стан беларускіх працоўных, яны не могуць ні ствараць, ні ўваходзіць ў любы прафсаюз. Фактычна яны нават не маюць права быць па-за межамі афіцыйнага прафсаюзу.  

Еўрарадыё: Дрэваапрацоўчая галіна такая важная для дзяржавы, што Аляксандр Лукашэнка пайшоў на такі крок? Ці трэба чакаць, што падобны дэкрэт з’явіцца і для рабочых  у іншых галінах вытворчасці? 


 Аляксандр Ярашук: Сёння на любым прадпрыемстве, у любой галіне можна ўвесці прымусовую працу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі