Ярмошына: Мяне не цікавіць, што апазіцыянеры не патрапілі ў выбарчыя камісіі

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паскардзілася на слабую актыўнасць апазіцыі падчас фармавання выбарчых камісій, параіла пакрыўджаным хутчэй несці скаргі ў суд і патлумачыла, чаму бамжы не змогуць абраць свайго дэпутата Фармаванне выбарчых камісій скончылася 29 студзеня. Паводле словаў старшыні ЦВК, ад палітычных партый у склад камісій уключылі 105 чалавек. Гэта 90 адсоткаў ад усіх пададзеных заявак. Усяго ж, кажа Лідзія Ярмошына, у выбарчых камісіях будзе працаваць 11 697 чалавек. Гэтыя лічбы, мяркуе яна, сведчаць аб нізкай актыўнасці палітычных партый.

Нягледзячы на гэта, застаюцца 10%, якія ў склад камісій не ўключылі. Некаторыя з іх лічаць, заўважыла Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, што зроблена гэта было незаконна.

Лідзія Ярмошына:
“Да нас паступілі скаргі па Гомельскай абласной і па Гомельскай гарадской выбарчых камісіях. Хтосьці з партый, якія лічаць сябе апазіцыйнымі, па-мойму, Аб’яднаная грамадзянская партыя, напісалі скаргі”.

Старшыня Цэнтрвыбаркама шчыра здзівілася неадукаванасці актывістаў апазіцыйных партый і таму, куды яны свае скаргі пішуць.

Лідзія Ярмошына: “Вы разумееце, гэта псеўдагульня ў псеўдаюрыспрудэнцыю. Ведаюць жа, што ў суд трэба падаваць. Не, пішуць усё гэта наверх! І копіі — нам. Больш за тое, так ужо вырашылі паразумнічаць: складаюць скаргі як іскавую заяву, дзе аблвыканкам і аблсавет называюць зацікаўленымі асобамі. Смешна чытаць проста! Перад кімсьці разумнічаюць проста!”

І параіла не разумнічаць, а дасылаць скаргі туды, куды і трэба ў адпаведнасці з новым выбарчым заканадаўствам.

Лідзія Ярмошына: “Ну і чаго вы даб’ецеся? Вы прапусціце трохдзённы тэрмін на падачу скаргі. Потым не зможаце звярнуцца ў суд. Навошта вы гэта робіце? Чаму выбарчае заканадаўства не чытаеце? Робіцца гэта спецыяльна, каб потым сказаць, што не ўлічылі, не так правялі і гэтак далей”.



І прызналася, што асабіста яе не цікавіць, чаму тых альбо іншых прадстаўнікоў апазіцыі не ўключылі ў склад выбарчых камісій.

Лідзія Ярмошына:
“Мяне не цікавіць палітыка. Мяне цікавіць дакладнае выкананне закона, Выбарчага кодэкса. Паколькі доказаў таго, што адбыліся нейкія парушэнні закона, няма, а калі будуць — мы іх самі выправім, то ў мяне ніякіх прэтэнзій да органаў, якія фармавалі выбарчыя камісіі, няма”.

Згодна са словамі старшыні ЦВК, фармаванне выбарчых акругаў павінна быць завершана да 4 лютага. Хутчэй за ўсё, такіх акругаў будзе 20 тысяч. Вось толькі ні ў адным з іх грамадзяне Беларусі без пэўнага месца жыхарства, так званыя бамжы, прагаласаваць за “свайго” дэпутата не змогуць. А ўсё з-за таго, што такі чалавек павінен хай не пастаянна, а часова жыць на нейкім выбарчым участку.

Лідзія Ярмошына: “Як можна вызначыць часовае пражыванне бамжа на тэрыторыі нейкага ўчастку?! Ніяк нельга, ніякіх доказаў няма. Ні на вакзалах, ні дзе-небудзь яшчэ мы арганізоўваюць спецучасткаў не будзем”.

Да таго ж, кажа, у такіх людзей наўрад ці ёсць нейкія дакументы, якія пацвердзілі б іх грамадзянства і магчымасць удзелу ў выбарах.

Напрыканцы размовы карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, ці дазволяць назіральнікам удзельнічаць у падліку галасоў.

Лідзія Ярмошына: “Цэнтральная камісія не піша закон. І назіральнікі будуць мець той аб’ём правоў, які ім устанаўлівае артыкул 13 Выбарчага кодэкса”.

А гэта азначае, што сачыць за падлікам галасоў назіральнікі будуць з таго месца, якое ім вызначыць старшыня выбарчай камісіі.


Глядзі таксама: Подпісы за кандыдатаў у дэпутаты можна будзе збіраць па-за "рэзервацыямі"


Фота: Зміцер Лукашук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі