Ёкадзуны разыгралі Імператарскі кубак, перамог Белы Фенікс мангол Хакухо

У нядзельнай схватцы двух ёкадзун перамогу святкаваў 22-гадовы Белы Фенікс мангол Хакухо. У апошні раз у місубіна-іцібан сэнсюраку (апошнім паядынку апошняга дня басё) два ёкадзуны змагаліся за Імператарскі кубак – вышэйшую ўзнагароду па барацьбе сумо ў верасьні 2002 года. Тады Мусасімару выпіхнуў за саламяную акантоўку Таканахану. У далейшым лёс склаўся так, што аніводны з гэтых знакамітых асілкаў больш не здолеў завяршыць аніводнага турніру.

27 студзеня перад апошнім паядынкам першага традыцыйнага турніра года па барацьбе сумо за Імператарскі кубак Хацу басё ў такійскім палацы спорту “Какугікан” прэзідэнт Асацыяцыі сумо аяката Кііктанаумі ацэньваў шанцы двух ёкадзун Хакухо і Асасёрю як 50 да 50.

Прыкладна таксама падзяліліся і галасы заўзятараў таталізатараў. У нядзельнай схватцы двух ёкадзун удача была на баку маладзейшага 22-гадовага Белага Фенікса мангола Хакухо.

Яго суайчыннік 27-гадовы Вялікі мангол Асасёрю адразу завязаў барацьбу ва ўтульнай для сябе пазіцыі, але Хакухо не аддаў ініцыятыву, захапіў Сіняга Дракона паверх правай рукі за пояс мавасі і з другой спробы ўпячатаў саперніка ў гліну кідком-уватанагэ.

У дадатак да Імператарскага кубку Хакухо атрымаў і 49 спонсарскіх кэнсё – прэмія ў памеры 14 тыс. долараў. Гэта трэці ганаровы трафей 69-га ёкадзуны і 6-ы ва ўласнай кар’еры.

Ганаровымі прэміямі сюкунсё за адметныя перамогі над ёкадзуна і азэкі ўзнагароджаныя сэківакэ Ама і 1-ы маэгасіра Усходу Кісэнасата. За тэхнічнае майстэрства прэміяй гінасё адзначаны 22-гадовы мангол Какюру. Прэмію кантасё за байцовы характар і перамогу ў 12 паядынках атрымаў 172-кілаграмовы Маленькі Танк Такэкадзэ.

Па 9 белых шароў на турніры набралі балгарскі азэкі Катаосю, сэківакэ Катасёгіку і шэраговыя маэгасіра грузін Коккай і Івакіяма.

Тытул камусубі страціць 33-гадовы экс-азэкі Дэдзіма, які саступіў на Хацу басё ў 12 паядынках.

Па сем чорных шароў здабылі азэкі Кайо і шэраговыя маэгасіра Касугао, Футэнь’о, Такамісакары, Тачыадзан, Ёсікадзэ, а таксама дэбютанты вышэйшага дывізіёну макуці Іціхара ды Кайхо.

Мінімальная перавага паразаў над перамогамі – 8 чорных шароў, дазваляе пакуль застацца ў вышэйшым дывізіёне экс-камусубі Рохо і эстонскаму волату Балту, які па-ранейшаму пакутуе на траўму калена.

Наступны 15-дзённы турнір Хару басё пройдзе ў горадзе Осака з 9--га па 23-га сакавіка 2008-га года.

Віктар Чайкін, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Фота - japan-sumo.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі